Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка (+відэа)
Беларусь
08.07.2015 00:00

З 28 чэрвеня па 3 ліпеня адбылася 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка (СМЕП-16), у якой прынялі ўдзел людзі з многіх куткоў Беларусі. За шэсць дзён каля 170 пілігрымаў прайшлі 105 кіламетраў са Смаргоні да Будслава.

Галоўнай тэмай пілігрымкі стаў дэвіз Салезіянскай Сям’і на юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско: “Як ксёндз Боско: з моладдзю, для моладзі”.

Пілігрымка называецца салезіянскай, таму што арганізавана Салезіянскай Сям’ёй (першым адказным за яе быў кс. Іван Огар SDB), моладзевай – бо асноўнымі яе ўдзельнікамі з’яўляецца моладзь 14-25 гадоў, таму праграма і тэмп накіраваны на гэты ўзрост; евангелізацыйнай – бо менавіта гэта заданне падкрэсліваецца для маладых пілігрымаў, якія знаходзяцца на шляху ўзрастання і вучацца, як быць апосталамі ў штодзённасці.

Практыкаваць евангелізацыйныя здольнасці моладзь мае магчымасць падчас вясёлага вечару, які арганізоўвае разам з аніматарамі. СМЕП праходзіць у форме рэкалекцый, таму, як і многія іншыя пілігрымкі, мае свой статут, правілы якога і ўдзел ва ўсіх пунктах праграмы пілігрымкі абавязковыя для выканання. Кульмінацыйным момантам кожнага дня пілігрымкі з’яўляецца святая Імша, далей – канферэнцыя па тэме дня, праца па групах і вясёлы вечар, арганізаваны аніматарамі і пілігрымамі для жыхароў мясцовасці, дзе запланаваны начлег, традыцыйнае салезіянскае слоўка на добрую ноч. У нядзелю перад урачыстасцю Маці Божай Будслаўскай усе члены Салезіянскай Сям’і, яе прыхільнікі і моладзь з усіх салезіянскіх парафій Беларусі з’язджаюцца ў Смаргонь, каб адтуль разам вырушыць у дарогу. Першыя 11 СМЕПаў мелі маршрут Смаргонь-Тракелі, а з 2012 года пілігрымка ідзе ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
 
Пілігрымаў благаславіў на шлях да Маці Божай новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які цэлебраваў першую Імшу ў якасці біскупа ў роднай Смаргоні. Разам з іерархам пілігрымы разважалі над постаццю Добрага Пастыра, які адзіны ведае ўсіх сваіх авечак, любіць іх і аддае сваё жыццё за іх, каб яны мелі жыццё вечнае. Гамілія біскупа стала і канферэнцыяй першага дня, прысвечанага тэме “Сапраўдная радасць”. Падчас працы па групах удзельнікі разважалі над прыкладам св. Яна Боско і высветлілі, што сапраўдная радасць паходзіць ад блізкіх і цесных адносін з Езусам, Добрым Пастырам, на якога імкнуўся быць падобным кс. Боско. Святы казаў, што глебай для сапраўднай радасці з’яўляецца чыстае сумленне і пачуццё выкананых абавязкаў і што менавіта радасных баіцца д’ябал.



 

Другі дзень, калі ўдзельнікі ішлі маршрутам Войстам – Нарач, быў прысвечаны тэме “Спецыяльная (адмысловая) місія”. Пілігрымам дапамог у разважанні над гэтым кс. Павел Шчарбіцкі SDB, які скіраваў да іх сваю навуку падчас Імшы і канферэнцыі. Святар падкрэсліў, што Хрыстус дае нам жыццё і яднае ўсіх у адзіны статак, і гэтая еднасць дае сілы і ўпэўненасць. Сапраўднае збаўленне, па словах святара, суправаджаецца ахвярнасцю; будучы збаўленым, чалавек не можа заставацца адзін, ён павінен ісці і сведчыць аб гэтым, будучы з’яднаным з Хрыстом, павінен таксама аб’ядноўваць вакол Яго і іншых. Гэта з’яўляецца місіяй кожнага хрысціяніна. Спецыяльнай місіяй кс. Боско, як было адзначана, была дапамога патрабуючай, пакінутай моладзі, і кожны з нас таксама атрымлівае спецыяльнае заданне ад Бога. Таксама ў гэты дзень, пілігрымы, якія ішлі ў СМЕПе першы раз, атрымалі “хрост” і прыемныя ўспаміны. Вечарам для мясцовых жыхароў быў арганізаваны канцэрт. Самыя малодшыя былі запрошаны ў “дзіцячы пакой”, і аніматары і кандыдаты ў аніматары падрыхтавалі для іх спецыяльную праграму.

У трэці дзень пілігрымаў чакаў шлях у Вілейку і тэма дня “Любячая прысутнасць”. Канферэнцыя была падрыхтавана кс. Станіславам Краўчанкам SDB, з чыёй дапамогай маладыя людзі разважалі над тым, ці з’яўляюцца яны гасціннымі, бо Езус заўсёды хоча быць запрошаны ў нашае жыццё. Як адзначалася, мы звыкліся думаць пра Эўхарыстыю, як пра запрашэнне Езуса ў Сваю хату, да Свайго стала, але Езус ніколі не навязвае сябе нам: калі мы не запросім Яго, Ён заўсёды будзе заставацца незнаёмым і вандроўнікам. Другім момантам, на якім была засяроджана увага падчас працы па групах, была нашая прысутнасць у жыцці іншых людзей, пілігрымы прыйшлі да высновы, што вельмі важна заўсёды быць побач з чалавекам, дапамагаць яму не толькі словам (парадамі), але і сваімі ўчынкамі, малітвамі. Як падкрэслівалася, Езус заўсёды побач з намі і толькі ад нас залежыць, ці запросім мы Яго ў сваё жыццё; кс. Боско гэта зрабіў, і, беручы прыклад з Яго, заўсёды быў побач з сваімі хлопцамі і казаў: “Недастаткова проста любіць хлопцаў, трэба, каб яны адчувалі, што іх любяць”. Справаздачу з працы па групах удзельнікі і жыхары Вілейкі назіралі ў праграме вясёлага вечара.

Чацвёрты дзень адзначаўся прыемнай нечаканасцю: ранішнюю Імшу, на якой, акрамя ўдзельнікаў СМЕП, прысутнічалі пілігрымы з Маладзечна і Вілейкі, узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У пастырскім слове біскуп звярнуў увагу на тое, што мы самі вырашаем, загубіць сваё жыццё або зберагчы; заклікаў да дасканаласці і святасці, а таксама да наследавання Хрыста, які дазволіў прыбіць сябе да крыжа дзеля таго, каб мы былі шчаслівымі.

Пілігрымы СМЕП вырушылі ў напрамку в. Рэчкі, разважаючы праз увесь дзень над тэмай “Абвяшчэнне Добрай Навіны”. Разам з кс. Іванам Огарам SDB яны разважалі над этапамі ўзрастання веры самаранкі (Ян 4, 5-42), якая праз размову, дыялог з Езусам прыйшла да разумення, што размаўляе са Збаўцам свету. Як было адзначана, Езус не навязваў ёй сябе, але ў размове абудзіў яе прагу да Жывой вады, якой з’яўляецца сам Бог. Самаранка, калі спазнала сапраўдную веру, зрабіла тое, да чаго павінен імкнуцца кожны: пакінула свой збан, адразу пайшла ў горад і пачала сведчыць. Увага пілігрымаў звярталася на тое, што кс. Боско заўсёды быў уважлівым да тых, хто быў побач, меў асабісты падыход, ведаў, якое слова сказаць кожнаму з хлапчукоў, не навязваў ім сваю веру, але стараўся ёю зацікавіць. Калі мы будзем добрымі хрысціянамі, якія жывуць у сапраўнай радасці, якія знаходзяцца сярод іншых у любячай прысутнасці, то, як было адзначана, і людзям навокал захочацца пазнаёміцца са Збаўцам свету, які з’яўляецца адзінай крыніцай Жывой вады. Вечарам у в. Рэчкі пілігрымы прайшлі Шляхам святла, падчас якога разважалі над падзеямі, якія адбываліся пасля Уваскрасення Езуса Хрыста, а таксама над жыццём кс. Боско.

У пяты дзень было больш часу для ціхай малітвы і разважанняў аб пакліканні. Таксама ў гэты дзень пілігрымы прайшлі самую вялікую частку шляху: 26 км. Тэму гэтага дня - “Слугі Валадарства Божага” – дапамог раскрыць кс. Уладзімір Кабак SDB. Святар распачаў прамову з тэмы паклікання, адзначыўшы, што Бог кожнаму дае пакліканне, і калі чалавек не ідзе шляхам свайго паклікання, то не можа сустрэць сапраўдную радасць і супакой, ён увесь час незадаволены. Тады чалавек сам сябе карае, бо адмаўляецца ад таго, што прынясе яму большае шчасце. Пакліканне, як адзначалася, цесна пераплятаецца са служэннем, а вышэйшае праяўленне сапраўднага служэння іншым – аддаваць сваё жыццё. Пілігрымы працягнулі разважанне над тэмай паклікання падчас адарацыі ў в. Крывічы, дзе з імі падзяліліся сведчаннем аб пошуку паклікання с. Вераніка Огар FMA і салезіянскія аніматары, якія ўзялі шлюб літаральна напярэдадні СМЕПу: Эдуард і Вераніка Рогач.



 

Падчас апошняга, шостага дня, пілігрымы разам з с. Ірынай Барцэвіч FMA разважалі над тэмай “Пакліканыя, каб ісці і прыносіць плён”. Яны высветлілі, што сапраўдная любоў ёсць толькі тады, калі я люблю Бога, сябе і бліжняга, а Бог любіць нас дасканалай любоўю, аднолькава моцна і падчас падзенняў, і падчас узлётаў, і заклікае да такой жа любові. У гэты дзень падчас Крыжовага шляху пілігрымы разважалі над мукай Пана і на заканчэнне ля падножжа ўстаноўленага крыжа пасеялі ў глебу зярняткі як сімвал ведаў і здольнасцяў, якія здабылі падчас пілігрымкі: каб яны не засталіся проста пачутымі навінамі, але і пасля пілігрымкі ўзрасталі і прыносілі плён.

Пілігрымы накіраваліся ў Будслаў разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB і Рэгіянальным настаяцелем Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, якія прыехалі, каб прайсці апошнія кіламетры разам і з’яднацца ў малітве з моладдзю. “Мацi Божая, Мацi Будслауская, да цябе iдзе моладзь салезiянская…” - гучаў радасны спеў на падыходзе да Будслава. Удзельнікі СМЕП прысутнічалі на Імшы для пілігрымаў і начной працэсіі з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Таксама салезіянская сям’я, моладзь і музычны гурт “Небасхіл” былі адказнымі за правядзенне вясёлага вечара для моладзі ў палатачным гарадку. За гэтыя дзве гадзіны пілігрымы змаглі падзяліцца духоўным вопытам і плёнам пілігрымкі, а таксама досведам знаёмства з улюбёным святым Янам Боско. Пілігрымка завяршылася святой Імшой на заканчэнне будслаўскіх урачыстасцяў, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У дарозе ўдзельнікі СМЕП шмат спявалі, праслаўляючы Бога сваімі галасамі, маліліся, узгадваючы інтэнцыі, з якімі ішлі да Маці Божай Будслаўсакай, мелі час на брата і сястру, каб завесці новыя цікавыя знаёмствы, і на цішыню, каб паразмаўляць з Богам. Кожны дзень меў цікавую асаблівасць, якая яго ўпрыгожвала. Удзельнікі пілігрымкі ад усяго сэрца запрашаюць у наступны СМЕП-17.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.