Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сведчанне: як развеяліся мае сумневы пра шостую запаведзь
Беларусь
10.07.2015 10:42

2015 год аб’яўлены ў Касцёле ў Беларусі Годам навяртання. З гэтай нагоды Сatholic.by працягвае рубрыку, у якой змяшчае гісторыі навяртанняў беларускіх вернікаў. Вось чарговая:

«Пахвалёны Езус Хрыстус!

Хачу падзяліцца з вамі сваёй гісторыяй навяртання, якая, спадзяюся, пэўным чынам прагоніць магчымыя сумневы і нязгоды наконт набалелага пытання пра шостую запаведзь. Думаю, гэта ўжо дастаткова абмяркоўвалася і на касцёльных канферэнцыях, і на катэхетычных занятках, але адчуваю сваю прагу падзяліцца сваім сумным вопытам, каб ніхто больш не паўтараў маёй памылкі.

Першай памылкай было тое, што я заручылася з маладым чалавекам даволі хутка пасля знаёмства, а яшчэ праз некаторы час пераехала да яго жыць. Я пасварылася з бацькамі (якія, вядома, не адобрылі мой учынак), нікога не слухала і рабіла ўсё так, як лічыла патрэбным. Адначасова, нейкім чынам голас сумлення, які ўсё маё жыццё накіроўваў мяне, пачынаў сціхаць, я самаўпэўнена лічыла, што сапраўды я раблю ўсё слушна і няма аніякай альтэрнатывы маім дзеянням. На жаль, толькі цяпер, азіраючыся назад, я магу бачыць, наколькі недарэчнымі былі мае ўчынкі.

Аднак, вяртаючыся да майго пераезду, хачу адзначыць, што амаль адразу ўзнікла непаразуменне наконт дашлюбных стасункаў. Вядома, я як хрысціянка была катэгарычна супраць. Але прайшоў тыдзень, два, размовы на гэтую тэму не спыняліся, і ўрэшце я і сама пачала лічыць, што няма праблемы ў тым, што, паколькі мы адназначна будзем разам да скону, то нішто не будзе замінаць такому лагічнаму працягу кахання. Лагічнаму, як я лічыла. Кахання, як мне здавалася.

«Гэта» ўжо адбылося, а праблем і непаразуменняў, якія абяцалі знікнуць, стала яшчэ болей. Гэта было парадаксальна дзіўна. І, што яшчэ больш дзіўна, што я ўнутры адчувала: «штосьці не тое», як быццам мне няёмка, бы кошкі скрабуць за душу. Паход на споведзь я, вядома, адкладала. Не хацелася, баялася, і, зрэшты, «што ж я такога не так зрабіла?» Тым часам Камунію прымаць не магла. Проста не магла і ўсё, бо недзе падсвядома адчувала той грэх.

Так прайшло яшчэ тыдні тры. Без споведзі, без Камуніі. Без Бога.

Усё змяніла чатырохдзённая вандроўка. Была магчымасць споведзі — і я адчула нейкі штуршок у спіну, нібыта гэта была мая адзіная і апошняя магчымасць. І я пайшла. Бо разумела, як мінімум псіхалагічна будзе лягчэй спавядацца святару, якога я ўпершыню бачу, чым свайму духоўніку (які на той момант нават пра заручыны не ведаў). Гэта была самая доўгая споведзь у маім жыцці! Так, прызнацца было неверагодна цяжка. Я падыходзіла здалёк, абыходзіла шляхамі… Але гэта было неперадавальнае адчуванне, калі я сказала ксяндзу, што «так, я гэта зрабіла». Як быццам хмары над галавой раскалоліся і расплыліся. Як быццам зноў з’явілася надзея. Як быццам кошкі ўцяклі, падціснуўшы хвост, і сам Хрыстус працягнуў мне руку. Гэта быў момант незабыўнай радасці!

Але яшчэ большым момантам радасці быў момант прымання Камуніі. Мне, такой-сякой грэшнай, Бог прабачыў! Нават такое моцнае і непапраўнае адступленне ад Ягонай запаведзі! Я не змагла стрымаць слёз. Упершыню ў жыцці. Я нават падчас Першай Камуніі стрымалася, а тут — не.

Вось яна, радасць навяртання! І скажыце, чаму нам трэба спачатку настолькі нізка ўпасці, каб потым падымацца і толькі такім чынам адчуць Божую Міласэрнасць?

Цяпер я ўжо не заручаная з гэтым чалавекам. Мы разышліся пасля майго навяртання. Я зразумела, што гэтыя адносіны не з’яўляліся сапраўдным каханнем, якое Бог запланаваў паміж мужчынам і жанчынай.

І, напэўна, дзякуй Богу. Праз пэўны час я атрымала поўны адпуст, я зноў з Панам, і ўсё яшчэ вяртаюся да ранейшага рэжыму, якім я жыла да заручын – штодзённае чытанне Бібліі, штодзённая малітва.

Здавалася б, ура, усё скончылася! Але пэўныя моманты засталіся і дагэтуль.

Пасля чарговага прафілактычнага візіту да жаночага доктара высветлілася, што ў мяне ёсць праблемы. Не тое, каб вялікія, але ўсё адно яны ёсць, хоць і амаль ужо вырашаныя. Вось яны, наступствы цяжкага граху, ад якога нездарма нас ахоўвае Айцец Нябесны.

Штораз я прыгадваю сабе цяпер, што запаведзь не з’яўляецца абмежаваннем, але аховай ад праблем, як цёплае паліто ўзімку альбо высокі плот ля прорвы.

На маім сумным прыкладзе проста хачу данесці многім людзям, якія дагэтуль сумняюцца, што не проста так Бог нам даў запаведзі. І Ён нас ні ў якім разе не абмяжоўвае, але ахоўвае! Для мяне наступствы і праблемы сталі апошнім аргументам супраць любых пазашлюбных стасункаў, які ставіць кропку на маіх сумневах, і пакуль што на гэтай гісторыі таксама».

(Па просьбе аўтара рэдакцыя не пазначае імя)

Ад рэдакцыі: калі вы хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, пішыце на пошту рэдакцыі: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста: мая гісторыя навяртання)

  1. Мая гісторыя навяртання: «з панкаў у хрысціянкі»
  2. «Мая гісторыя навяртання» 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.