Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Да 30-годдзя святарства кс. Рамана Факсінскага: каталіцкая інтэлігенцыя Магілёва ўзгадвае служэнне святара
Беларусь
14.07.2015 14:20

На гэтых днях спаўняецца 30 гадоў святарскага служэння ксяндза Рамана Факсінскага. Клуб інтэлігенцыі каталіцкай Магілёва (КІК) з удзячнасцю ўзгадвае час пастырскага служэння святара і віншуе яго з юбілеем, дзякуючы за цяжкую, але плённую працу, падтрымку і дапамогу і жадаючы Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай на жыццёвым шляху, узмацнення веры і цвёрдасці ў нясенні крыжа.

Ксяндзом Раманам яшчэ падчас службы пробашчам ў магілёўскай катэдры з удзелам вернікаў быў створаны Клуб інтэлігенцыі каталіцкай (КІК), які паспяхова дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў. Клуб агарнуў католікаў розных прафесій, зацікаўленых у адраджэнні спадчыны Каталіцкага Касцёла ў Магілёве.

З дапамогаю гэтага святара думкі вернікаў былі накіраваны на гісторыю Касцёла як у Магілёве, так і ва ўсім краі – Прыдняпроўі, абразоў у Беларусі, святароў, якія верна служылі ў складаныя часы ваюючага атэізму. Напрыклад, святар адкрыў абраз Маці Божай Бялыніцкай, пра існаванне якой праводзіліся як простыя размовы ў цёплым коле, так і навуковыя канферэнцыі, а сябры КІКа арганізавалі штогадовыя пілігрымкі ў парафію ў Бялынічах у дні каранацыі абраза ў канцы верасня. Ксёндз Раман Факсінскі скіраваў увагу на асобу благаслаўлёнага Баляслава Слосканса (1893-1981 гг.), латыша па нацыянальнасці, які быў магілёўскім біскупам і пасля рэпрэсій вымушаны быў да смерці жыць і працаваць за мяжой, у Францыі і Бельгіі, для беларусаў-католікаў, якія эмігравалі з БССР. Яскравай старонкай стала арганізацыя пробашчам у жніўні 2014 г. пілігрымкі ў г. Аглона (Латвія) – месца служэння бл. Баляслава Слосканса. У дадатак, ксяндзом Раманам у красавіку гэтага года была арганізавана навуковая канферэнцыя і выстава, прысвечаныя памяці былога магілёўскага біскупа. Ксёндз Раман Факсінскі змог ініцыяваць і падтрымаць пошук імёнаў святароў парафіі магілёўскай катэдры, якія загінулі за веру ў часы станаўлення савецкай улады, якая вяла барацьбу з рэлігіяй. У выніку сябрамі КІКа з падтрымкай кс. Рамана ў будынку касцёла была ўсталявана дошка памяці з імёнамі загінулых ксяндзоў. Кожны год клубам праводзіліся, пры непасрэдным удзеле святара, сустрэчы, прысвечаныя памяці св. Яна Паўла ІІ, на якіх зачытваліся даклады, аповеды пра Святога Айца, былі прадстаўлены дакументальныя фільмы. Падобны ўзровень арганізацыі каталіцкай інтэлігенцыі дазволіў звяртаць увагу вернікаў на важныя рэлігійныя падзеі і ўдзел у іх, напрыклад, штогадовыя пілігрымкі ў Будслаў.

За ўвесь час служэння ў Магілёве ксёндз Раман змог не проста дапамагчы арганізаваць КІК, але і накіраваць яго працу. Святар ніколі не знаходзіўся звонку, а заўсёды быў з вернікамі, падтрымліваў і ініцыяваў працу клуба, што дало магчымасць самастойнай працы парафіян, іх аб’яднанню ў супольнай справе.

Яўген Дудкін

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.