Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для кансультантаў сямейнага жыцця адбыліся ў Навагрудку
Беларусь
23.07.2015 18:01

З 17 па 22 ліпеня ў Навагрудку прайшлі курсы-рэкалекцыі для кансультантаў сямейнага жыцця, якія арганізавала Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Сёлета ў рэкалекцыях прынялі ўдзел рыма-католікі, праваслаўныя і грэка-католікі з усёй Беларусі – кансультанты і навучэнцы «Школы сямейнага жыцця» ў Гродне і Мінску разам са сваімі сем’ямі.

Курсы-рэкалекцыі былі прысвечаны тэме «Выхаванне дзяцей у сям’і».

На працягу гэтых дзён удзельнікі слухалі канферэнцыі на тэмы: «Псіхалогія мужчыны і жанчыны», «Спосабы будавання добрых стасункаў у сям’і», «Грахі і памылкі бацькоў у выхаванні дзяцей», «Уплыў СМІ на асобу дзіцяці».

Кожны меў магчымасць задаць хвалюючыя пытанні падчас адмысловага пункту праграмы «100 пытанняў да…». Вернікі пыталіся пра незразумелыя рэчы ў Каталіцкім Касцёле, цікавіліся асабістым досведам рэкалекцыяністаў у выхаванні ўласных дзяцей, будаванні хрысціянскіх сужэнскіх адносін.

Лепш зразумець праўды веры дапамагалі штовечаровыя фільмы: аб містычным перажыванні Маленькай Арабкі (Мірыям Балардзі), «Хрысціяда» пра пераследаванне хрысціян у Мексіцы, «Mary Wagner» пра абарону жыцця ў Канадзе і іншыя.

Галоўным пунктам дня рэкалекцый была Эўхарыстыя, дзень распачынаўся малітвай Літургіі гадзінаў, вечарам адбывалася адарацыя. Малітоўнае жыццё вернікі паглыблялі падчас штодзённай святой Імшы, разважання над Божым словам.

Другі тур курсаў-рэкалекцый пройдзе ў Навагрудку з 24 па 29 ліпеня.



Ірына Мялешка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.