Рэкалекцыі для сясцёр салезіянак праходзяць у Шчучыне |
Беларусь |
05.08.2015 11:18 |
У гэтым годзе сёстры салезіянкі візітаторыі EEG “Маці Бога” (Беларусь, Грузія, Расія, Украіна) з 26 ліпеня па 10 жніўня перажываюць свае духоўныя рэкалекцыі ў Шчучыне ў айцоў піяраў. Ксёндз Уладзімір Кабак SDB дапамагае ў гэтым глыбокімі канферэнцыямі, святой Імшой, сакрамэнтам паяднання і малітвай. Сёстры салезіянкі пакліканы быць знакам любячай прысутнасці Бога сярод моладзі і робяць гэта ў сваіх супольнасцях, парафіях, араторыях. Каб чым-небудзь падзяліцца, патрэбна гэтым валодаць, а найбольшы скарб, якім дзеляцца сёстры, - гэта сам Хрыстус. Адносіны з Ім сёстры ўмацоўваюць праз штодзённую супольную і асабістую малітву, разважанне над Божым словам, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзел у Эўхарыстыі, духоўнае чытанне. Таксама штогод у іх ёсць час рэкалекцый, каб спыніцца, адарвацца ад штодзённых абавязкаў і перагледзець гэтыя адносіны ў цішыні сам-насам з сабой і з Богам. Адметнай рысай сёлетніх рэкалекцый стала сустрэча сясцёр усёй візітаторыі EEG. Паміж двума турамі рэкалекцый 2 жніўня ўпершыню ў гісторыі існавання візітаторыі EEG усе сёстры змаглі сустрэцца разам. Нагодай для гэтага стала “Свята ўдзячнасці” за шэсць гадоў ахвярнага служэння настаяцельніцы візітаторыі сястры Маргарыты Петрушчак FMA, а таксама кожнай сястры візітаторыі. У гэты ж дзень сёстры прывіталі новую настаяцельніцу візітаторыі EEG сястру Габрыэлю Родэ FMA. Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі была заснавана 5 жніўня 1872 года святым Янам Боско і святой Марыяй Дамінікай Маддзарэлла ў маленькай італьянскай вёсцы Морнэзэ. Святы Ян Боско заснаваў кангрэгацыю ў знак удзячнасці Маці Божай Успамозе Хрысціянаў, і кожная сястра мае быць Яе жывым помнікам. Кангрэгацыя вельмі хутка разрасталася, і сёстры салезіянкі выязжалі на місію па-за межы П’емонта, каб несці Хрыста людзям, працуючы сярод моладзі, асабліва найбольш патрабуючай. З 1991 года сёстры пачалі сваю дзейнасць у Беларусі. Зараз тут дзейнічаюць дзве такія супольнасці сясцёр: у Мінску яны працуюць ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) і парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны), а таксама ў Смаргоні ў парафіі Святога Міхала Арханёла. (AG) |
Фотарэпартаж |