Будслаў — духоўная сталіца Беларусі. Але і нацыянальная таксама! |
Беларусь |
06.08.2015 11:31 |
Будслаў, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай, часта называюць духоўнай сталіцай Беларусі. Але месца, куды да Апякункі Беларусі ідуць тысячы пілігрымаў, называлі і нацыянальнай сталіцай нашага краю, распавядае гісторык Кастусь Шыталь. Аж да ІІ Сусветнай вайны мястэчка Будслаў было важным асяродкам беларускага руху. Адтуль паходзіць шмат беларускіх дзеячоў, якія працавалі на Радзіме і ў эміграцыі - Эдвард Будзька, Язэп Гапановіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Паўліна Мядзёлка, Чэслаў Ханяўка. Ксёндз Францішак Будзька, які першы пачаў уводзіць беларускую мову ў жыццё Касцёла, таксама з-пад Будслава. У 1917-1919 гадах у Будславе дзейнічала беларуская гімназія. З 1929 года - гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, які збіраў дзясяткі людзей на лекцыі, сотні - на прадстаўленні. Там жа была беларуская бібліятэка з некалькімі сотнямі кніг і гадавікамі беларускіх газет. Пілігрымы ў сучасным Будславе. У міжваенны час весткі з Будслава часта трапляюць у беларускія газеты. Мястэчка жартам называлі "сталіцай Беларусі". Гісторык цытуе словы Анэлі Катковіч, ураджэнкі Будслава: "У нашым мястэчку шмат было свядомых і шчырых Беларусаў. І не толькі тыя, якія вучыліся ў беларускай гімназіі, але таксама і вучні школ польскіх, як Чантарыцкія, Краўчонкі, Ханяўка, Тамаш Грышкевіч, Будзькі, Мядзёлкі былі вучнямі гімназіі беларускай. Мы любілі беларускія песні і толькі такія спявалі. Вечарыны зачыналі ад лявоніхі. Спявалі на чатыры галасы. Летам выходзілі ў жыта і там заводзілі. А трэба сказаць, што ў Будславе было многа польскага войска і кругом было чуваць і польскую мову. Шмат дзяўчат выйшла за вайсковых замуж. Усё ж такі не забывалі і сваёй мовы. Будслаўскі касцёл у 1920-1930-я гады. Наш Будслаў называлі сталіцай Беларусі. Можа, і слушна. Тут была арганізавана пасля І Сусветнай вайны беларуская гімназія. З Будслава паходзілі шчырыя патрыёты Беларусі — Эдвард Будзька, Язэп Гапановіч, Вінцэнты Грышкевіч і іншыя... З Будслава паходзіць пляменнік Будзькі, вядомы цяпер пісьменнік Эўгеніюш Паўкшта. З Будслава была таксама і мая стрыечная сястра Паўліна Мядзёлка. Часта можна было ўбачыць у Будславе беларускую п’есу на сцэне, іграную артыстамі-аматарамі. Будслаў называлі малым Парыжам, бо мода прыходзіла з захаду раней у наша мястэчка, як у вялікі горад. У Будславе былі два духавыя аркестры — вайсковы і пажарны. Будслаўскія людзі праславіліся і ў Амерыцы. Іх спаткаць можна ва ўсім свеце". Кастусь Шыталь (АлГ) |