Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На кінафестывалі «Magnifiсat-2015» правядуць мультыплікацыйную майстэрню для дзяцей |
Беларусь |
07.08.2015 15:14 |
Дзіцячую майстэрню па мультыплікацыі на XI Міжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач «Magnifiсat-2015» правядзе мультыплікатар з Польшчы Яна Поляк.
Майстар-класы для дзяцей, запланаваныя ў Глыбокім і в. Падсвілле Глыбоцкага раёна, становяцца ўжо традыцыяй. Упершыню такая майстэрня прайшла летась падчас юбілейнага Х фестываля «Magnifiсat». Тады на занятках па мультыплікацыі з дзецьмі працавалі рэжысёры Аляксандр Зайцаў і Марыя Кузняцова, кіраўнікі маскоўскай Дзіцячай анімацыйнай студыі «Страказа». «Яна Поляк — знакаміты польскі аніматар, былы лаўрэат нашага фестываля, — ужо пацвердзіла свой удзел», — распавёў у гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by дырэктар фестываля Юрый Гарулёў. Паводле яго слоў, у гэтым годзе ў кінафоруме прымуць удзел стужкі з 16 краін свету. Міжнародны каталіцкі фестываль «Magnificat» cёлета пройдзе з 30 жніўня па 3 верасня. Па традыцыі апошніх гадоў ён распачнецца ў Мінску, пасля чаго пераедзе ў Глыбоцкі раён Віцебшчыны. У асноўнай конкурснай праграме фестываля — 43 фільмы, з якіх адзінаццаць стужак — беларускай вытворчасці. Дадаткова пройдзе конкурс мультыплікацыйнага кіно. Заснавальнікі фестываля — каталіцкая асацыяцыя для камунікацый SIGNIS-Беларусь, рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог», ПУП «Студыя «Стопкадр» і Віцебская дыяцэзія. Фестываль праходзіць пад патранажам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ілья Лапато |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.