У Жупранах (Гродзенская дыяцэзія, Ашмянскі дэканат) быў арганізаваны лагер для хлопцаў з усіх салезіянскіх парафій Беларусі. Галоўнай мэтай вакацый, якія праходзілі з 27 ліпеня па 4 жніўня, было дапамагчы хлопцам задумацца і паразважаць над уласным пакліканнем. У гэтым хлопцам дапамагала салезіянская супольнасць, якая і арганізавала адпачынак.
Разабрацца з тэмамі ўдзельнікі спрабавалі падчас святой Імшы, канферэнцыі, працы па групах, часу пустыні і іншага. Дзень за днём хлопцы раскрывалі ў сабе штосьці новае, што дапамагае ці, наадварот, перашкаджае знайсці сваё пакліканне. Удзельнікі спрабавалі адказаць на пытанні: “хто я?”, “якія мае страхі, матывацыі, жаданні?”, “а чаму не я?”, а пасля ўсё гэта даверылі Богу на малітве падзякі і праслаўлення.
Вельмі важным было тое, што за дні адпачынку хлопцы мелі магчымасць адчуць сябе сапраўднымі мужчынамі, пераадольваючы страх пры праходжанні “шляху выпрабаванняў” на кар’еры. Своеасаблівым падарункам аказалася пілігрымка ў санктуарый Маці Божай у Гудагай, дзе ўдзельнікі разважалі над пакліканнем Марыі і іншых людзей веры. Паездка ў Гудагай адзначылася таксама ўступленнем у шкаплер адразу 17 чалавек.
Вельмі каштоўнымі аказаліся сведчанні настаяцеля салезіянаў у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB і іншых святароў сабратоў, якія наведвалі лагер. Немалаважным было і сведчанне Іллі Матыяшкоіця – мужа і бацькі.
Як адзначылі самі ўдзельнікі, гэты лагер сапраўды дапамагае паразважаць над пакліканнем і пры гэтым адпачыць з Богам. Акрамя важных духоўных момантаў, хлопцы мелі час на цікавыя гульні, вясёлыя вечары і карысныя гурткі.
Паводле www.sdb.by (AG)
Фота www.sdb.by
|