Cястра назарэтанка са Шчучына склала свае першыя манаскія абяцанні |
Беларусь
|
14.08.2015 12:39 |
9 жніўня склала свае першыя манаскія абяцанні сястра Ганна Мацуль з парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія). Урачыстасць адбылася ў касцёле Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Чэнстахове (Польшча).
Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Станіслаў Новак. У гаміліі іерарх адзначыў, што чалавек і яго жыццё – найпрыгажэйшы дар для Бога і Касцёла, для Божай любові.
На ўрачыстасць прыбылі сёстры назарэтанкі на чале з Генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Янай Завеяй. На гэтай важнай для ўсёй манаскай супольнасці падзеі прысутнічала і дэлегацыя назарэтанак з Беларусі. Законніцы падтрымлівалі такім чынам сваімі малітвамі с. Ганну, каб яна заўсёды ішла за голасам Езуса Хрыста, які кліча да служэння ў сваім Касцёле.
Падчас гэтай урачыстасці, калі дзве сястры назарэтанкі склалі свае першыя манаскія абяцанні - чыстасці, убоства і паслухмянасці, - асабліва маліліся аб новых пакліканнях у супольнасць назарэтанак, таксама з беларускай зямлі.
Сёстры атрымалі ў гэты дзень таксама знешнія знакі складання абяцанняў: чорны вэлюм як знак поўнай прыналежнасці Хрысту, крыж як знак дарогі да вечнага жыцця, свечкі – знак Хрыстовага святла і новага жыцця, канстытуцыю супольнасці як “права любові”.
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта была заснавана ў І Нядзелю Адвэнту ў 1875 г. у Рыме благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай.
Кс. Юрый Марціновіч
|
Фотарэпартаж |