| Грэка-католік з Мінска распачаў навіцыят у рэдэмптарыстаў |
| Беларусь |
| 25.08.2015 11:39 |
|
Яшчэ адзін беларус, Алег Зубарэвіч з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску, распачаў у манастыры ва Украіне духоўную падрыхтоўку для ўступу ў Кангрэгацыю Найсвяцейшага Адкупіцеля. 19 жніўня ў манастыры св. Герарда ў старадаўнім марыйным цэнтры Кахавіна, што ў м. Гніздычаў Львоўскай вобласці, грэка-католік з Беларусі Алег Зубарэвіч разам з яшчэ трыма братамі з Украіны прыняў аблачыны (урачыста атрымаў манаскую вопратку) і распачаў год навіцыяту ў Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў. Адначасова з імі двое братоў завяршылі навіцыят і склалі першыя манаскія абяцанні.
Брат Алег Зубарэвіч падчас урачыстых аблачынаў. Гэтыя ўрачыстасці на свята Перамянення Гасподняга паводле юліянскага календара ўзначаліў протаігумен Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў а. Андрэй Рак, разам з якім саслужыў беларускі рэдэмптарыст а. Зміцер Чарнель. Навіцыят з'яўляецца кананічным часам падрыхтоўкі юнакоў, падчас якога адбываецца знаёмства з духоўнасцю і місіяй манаскай супольнасці. Брат Алег стаў ужо чацвёртым рэдэмптарыстам візантыйскага абраду з Беларусі, двое з іх — святары. Фота: Валадзімір Барэйка CSsR. Беларуская грэка-каталіцкая газета «Царква». (АлГ) |




для друку