Правы сям'і вышэй за правы дзяржавы. У Івацэвічах вырашаецца лёс сям'і Бахур |
Беларусь |
27.08.2015 18:36 |
Сям'я Бахур жыве ў вельмі складанай сітуацыі. Самастойныя, працавітыя і таленавітыя людзі могуць застацца без нованароджага сына проста з-за таго, што маці і бацька - інваліды першай групы... Як такую сітуацыю трактуюць дакументы Касцёла? «Сям'я, натуральны саюз, першасны ў адносінах да дзяржавы ці якіх-небудзь іншых супольнасцяў, мае свае ўласныя, нязменныя правы», — кажа Статут правоў сям'і, выдадзены Святым Пасадам. Такім чынам, па меркаванні Касцёла, правы сям'і не толькі вышэй за правы любой дзяржавы; больш за тое, дзяржава павінна дапамагаць бацькам і іх дзецям. «Сям'я мае права разлічваць на дапамогу ад грамадства ва ўсім, што звязана з нараджэннем і выхаваннем дзяцей... Бацькі, паколькі яны далі жыццё дзецям, маюць першаснае нязменнае права і пяршынства ў выхаванні патомства, таму павінны быць прызнаны першымі і галоўнымі яго выхавацелямі», — кажа той ж дакумент. Наўпрост да драматычнай сітуацыі ў Івацэвічах, дзе сям'і пагражае разбурэнне, мае дачыненне і наступны параграф: «Сем'і маюць права спадзявацца, што грамадства, улічваючы іх патрэбы, забяспечыць ім аказанне дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, такіх, як, напрыклад, заўчасная смерць аднаго ці абодвух бацькоў; калі адзін з бацькоў пакіне сям'ю; у выпадку аварый, хвароб, ці інваліднасці, беспрацоўя, альбо тады, калі на сям'ю ўскладаецца дадатковы цяжар, звязаны са старасцю, фізічнай ці разумовай недаразвітасцю аднаго са сваіх членаў, ці таксама ў сувязі з выхаваннем дзяцей». Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя цяпер будзе высвятляць, ці маюць сужэнцы дастатковы «ўзровень самастойнасці», ці валодаюць яны «ўсімі функцыямі, каб апекавацца дзіцём». Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна лічыць, што сітуацыю трэба вырашаць у індывідуальным парадку і што «жанчына матываваная на мацярынства, і яе нельга адлучаць ад дзіця». Варта падзякаваць спадарыні міністру, але варта і паставіць пытанне пра існуючую нарматыўна-прававую базу, якая яўна супярэчыць навуцы Касцёла. Атрымліваецца, што праз адвольнае рашэнне нейкага ўрадоўца, нават не самага вялікага ўзроўню, бацькі могуць пазбавіцца свайго дзіцяці! І спатрэбіцца ўвага міністраў, каб хоць неяк дапамагчы пакутнай сям'і! Можа быць, гэтую сітуацыю ўсё ж не трэба «вырашаць у індывідуальным парадку», а варта падумаць пра тое, чаму дагэтуль некаторыя законы нашай дзяржавы яшчэ засталіся настолькі таталітарна-савецкімі і антысямейнымі? |