Віктар Рушлевіч склаў першыя манаскія абяцанні ў супольнасці рэгулярных латэранскіх канонікаў |
Беларусь |
31.08.2015 11:14 |
Год кансэкраванага жыцця, які перажывае Касцёл, стаў для Віктара Рушлевіча асаблівым часам складання першых манаскіх абяцанняў у супольнасці рэгулярных латэранскіх канонікаў. У літургічны ўспамін св. Аўгустына, 28 жніўня, у базыліцы Божага Цела ў Кракаве (Польшча) падчас святой Імшы на заканчэнне законных рэкалекцый тры навіцыі прынялі манаскі строй і склалі першыя манаскія абяцанні на перыяд трох гадоў. Сярод іх быў Віктар Рушлевіч з парафіі Перамянення Пана ў Вавёрцы (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат). Малады чалавек абраў гэтую манаскую супольнасць невыпадкова. У парафіі, з якой ён паходзіць, ужо працяглы час служаць рэгулярныя латэранскія канонікі. Прыглядаючыся да іх штодзённага служэння, Віктар пажадаў прысвяціць сваё жыццё Богу і рэалізаваць сваё пакліканне ў гэтай супольнасці. Айцом супольнасці з’яўляецца св. Аўгустын, які дасведчыў, што да Бога трэба ісці заўсёды з іншым чалавекам. Гэтая ідэя прыйшла да яго, калі ён разам з сябрамі засноўваў першую супольнасць святароў, якія вядуць жыццё разам. Духоўнасць гэтай манаскай супольнасці – адлюстраванне духоўнага жыцця яе заснавальніка. Супольнасць засноўвае сваю духоўнасць на Рэгуле св. Аўгустына. Гэтая рэгула не з’яўляецца суровай нормай манаскага жыцця і ўмеркавана ўзгадвае пра пакуту і аскезу. Рэгулярныя канонікі практыкуюць евангельскія парады ў супольным жыцці і служаць Касцёлу, праводзячы душпастырства. Выключных сфер душпастырства ў іх няма, яны адкрыты на кожную форму працы. Дэвіз супольнасці, у якім адлюстроўваецца ўся яе місія, – словы з Дзеяў Апосталаў: «Cor unum et anima una». Законнікі гэтай супольнасці імкнуцца мець «адно сэрца і адну душу» як у штодзённым жыцці ў кляштарах, так і ў душпастырскім служэнні Касцёлу. Сёння ў Беларусі служыць адзін святар з гэтай супольнасці – кс. Андрэй Роўба CRL – у парафіі Перамянення Пана ў Вавёрцы. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |