Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад гасціннасці беларусаў»: «Magnificat» вачыма яго ўдзельнікаў
Беларусь
03.09.2015 14:53
Штогод Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» збірае вялікую колькасць удзельнікаў з розных краін свету. Якім бачаць фестываль госці з замежжа і якія стужкі яны прывезлі для паказу?
кРасказвае Ірына Дзядчанка, Расія:
 
«Я займаюся прадзюсіраваннем хрысціянскага дакументальнага кіно і ўжо не ў першы раз прыязджаю на "Magnificat", тут пануе непаўторная атмасфера дабрыні і сяброўства.
 
 
 
Судакрананне са светам хрысціянскага дакументальнага кіно дае мне добрую магчымасць распавесці аб тым, што звязана з гісторыяй маёй сям’і. У мінулы раз я прывозіла фільм, у якім распавядаецца пра лёс Яанны Патрыкеевай, духоўнай дачкі ўладыкі Серафіма Звяздінскага. Мая бабуля ў сваю чаргу была яе духоўнай дачкой.
 
Гэтым разам таксама не трэба было шмат думаць над сюжэтам фільма. Адзін з яго герояў — мой духоўнік. Фільм «Храм. Ікона. Мікалай» зняты перадусім пра жыццё звычайнай расійскай вёскі, дзе вернікі разам са святаром пабудавалі храм. Адна з жанчын знайшла стары і знішчаны абраз святога Мікалая Цудатворцы, які пасля рэстаўрацыі заняў пачэснае месца ў святыні.
 
А яшчэ гэты фільм пра яе алтарніка Мікалая: у свой час хлопец не змог пайсці ў семінарыю, бо трэба было апекавацца хворай маці. Цяпер жа яго мара пра служэнне Пану здзейснілася — і ў дождж, і ў снег ён ідзе ў святыню».
 

Расказвае Карло дэ Б’язэ, Італія:

«Упершыню я прыехаў на "Magnificat" у 2007 годзе. На адным з фестываляў Юрый Гарулёў убачыў мой фільм "Плакала Маці Божая ў Сіракузах" і запрасіў мяне прыехаць у Беларусь. І менавіта гэты мой фільм атрымаў Гран-пры фестывалю. З таго часу я неаднаразова наведваў фестываль, прэзентуючы свае фільмы. Тут непаўторная атмасфера, сюды хочацца вяртацца зноў і зноў.
 
 
 
Сёлета я прывёз фільм "У вачах Марчэла". З героем гэтай кінастужкі Марчэла К’яндзі я пазнаёміўся ў 1981 годзе, за два гады да яго смерці. Я тады працаваў на тэлебачанні і браў у яго інтэрв’ю. Чым мяне прывабіла яго постаць? Як хрысціянін я бачу розніцу паміж беднымі і багатымі, паміж жыццём першага і трэцяга свету, і я згодны з Папам Францішкам, што мы павінны змяняць гэты свет да лепшага. 
 
Марчэла быў багатым чалавекам, які пакінуў усё, каб дапамагаць іншым — да канца жыцця ён пражыў у лепразорыі ў Бразіліі. Падчас пантыфікату Папы Бэнэдыкта XVI быў распачаты працэс беатыфікацыі Марчэла, а налета Папа Францішак абвесціць яго благаслаўлёным. Нядаўна я знайшоў кіназдымкі і фатаграфіі, які рабіліся для Марчэла і ім самім. Я адрэстаўраваў іх і зрабіў з іх фільм, які дэманструе гісторыю яго навяртання. Ці не ўпершыню чалавек, які неўзабаве будзе абвешчаны благаслаўлёным, распавядае пра сябе сам.
 
Аднак, на жаль, у свеце Марчэла К’яндзі з’яўляецца малавядомай постаццю. І сваю місію я бачу ў тым, каб расказаць як мага большай колькасці людзей пра гэтага незвычайнага чалавека».
 

Расказвае Армэн Гаспаран, Арменія:
 
«На "Magnificat" прыязджаю не першы раз. Мне падабаецца, што фестываль — экуменічны, у яго праграме фільмы прадстаўнікоў розных хрысціянскіх веравызнанняў. Кінастужка, якую прывёз сёлета я, называецца "Белы дзень" — гэта фільм пра народную памяць. Ён быў зняты за адзін дзень, доўгім быў толькі працэс мантажу.
 
 
 
Фільм прысвечаны памяці ахвяр генацыду армянскага народа, гадавіну якога мы адзначаем 24 красавіка. 24 красавіка 1915 года ў Стамбуле былі забіты больш за 200 чалавек армянскай нацыянальнай эліты, што паклала пачатак генацыду армянскага народа ў Асманскай імперыі. Вынікам стала вынішчэнне больш за паўтара мільёна чалавек. На той час Арменія не мела сваёй дзяржаўнасці: Усходняя Арменія знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, Заходняя — у складзе Асманскай. 
 
24 красавіка ў Арменіі — дзень жалобы, непрацоўны дзень, калі армяне з раніцы да вечару ідуць да мемарыяльнага комплекса, які даслоўна называецца «Крэпасць ластаўкі», і аддаюць даніну памяці загінулым. У Арменіі няма сям’і, якую б не закранула гэтая трагедыя.
 
Генацыд армян адбыўся на іх уласнай зямлі, там, дзе яны жылі спрадвеку. Такім чынам знішчаўся не толькі генафонд нацыі, знішчалася культура і рэлігія армянскага народа, іх святыні.
 
24 красавіка 2015 года споўнілася сто гадоў з пачатку гэтай жудаснай трагедыі. Трэба нагадаць, што генацыд армян у Асманскай імперыі адбыўся і таму, што яны былі хрысціянамі, гэта значыць, яны пацярпелі за веру. 23 красавіка гэтага года святы Эчміадзін кананізаваў загінулых армян. За два тыдні да гэтага ў Ватыкане была адслужана святая Літургія па армянскім абрадзе і прадстаўнік армянскага народа, паэт і філосаф Грыгорый Нарэкацы быў абвешчаны Доктарам Касцёла. 
 
 
Адказвае Анэта Бугайска, Польшча:

«Я неаднаразова бывала на розных фестывалях, але магу сказаць, што "Magnificat" сапраўды ўнікальны. Хоць у Беларусі я ўпершыню, але знаходжуся пад вялікім уражаннем ад гасціннасці і пазітыўнасці беларусаў, ад таго, як мяне прынялі на фестывалі. На "Magnificat" я пазнаёмілася з людзьмі з розных краін, але ўсіх нас яднае адно — усе мы маем аднолькавыя каштоўнасці, якія фармуем на фестывалі.
 
 

Мой фільм "Не бойцеся ісці супраць плыні. Канцэрт" зняты пра канцэрт, які адбыўся 24 красавіка мінулага года на плошчы Пілсудскага з нагоды кананізацыі Папы Яна Паўла II.
 
Гэта не проста здымкі канцэрта, у фільме гучаць не толькі выказванні святога Папы, якія зачытваюць нашыя вядоўцы, але і выкарыстоўваюцца архіўныя матэрыялы, звязаныя з Янам Паўлам ІІ, дзе ён выказваецца на тэму маладосці, веры, надзеі і любові. Самі песні, выкананыя на канцэрце знакамітымі польскімі спевакамі, хоць і не не з’яўляюцца тыпова рэлігійнымі, але ў іх спяваецца пра веру і любоў.
 
Гэты канцэрт, калі выказацца трохі метафарычна, бачыў з неба святы Папа — за сцэнай была вялікая лямпа, якая накіроўвала вялікі сноўп святла ў неба, і такім чынам нашыя гледачы нібы праз увесь час канцэрту мелі кантакт з небам».  

 
Адказвае Домагой Пейіч, Харватыя:
 
«У Беларусі і на "Magnificat" я ўпершыню. Для мяне гэта сапраўды ўнікальны досвед — убачыць, як выглядае экуменізм на практыцы. Увогуле, тут я ўбачыў шмат добрага — нават больш, чым чакаў.
 
Вельмі ўражвае постаць святога Папы Яна Паўла II. Ён навучыў мяне, як чалавек павінен годна пражыць сваё жыццё. Фільм, які я прывёз сюды – «Да Караля з любоўю» — гэта мая падзяка святому і яго сям’і.
 
 
 
Я напісаў ужо тры кнігі, прысвечаныя Папу Яну Паўлу II. Першая — дзённік маёй пілігрымкі 2004 года з Загрэба ў Рым. За 27 дзён я пераадолеў тысячу кіламетраў, праходзячы ў дзень па 40 кіламетраў. Я бачыў, што Папа вельмі хворы, і маліўся ў яго інтэнцыі, ахвяруючы гэтую дарогу за яго.
 
У дарозе я начаваў у парафіях, у дамах гасцінных людзей, аднаго разу давялося начаваць на вуліцы. На пачатку 2005 года мая кніга пабачыла свет. Я тады пайшоў на пошту і даслаў яе ў Ватыкан, проста падпісаўшы пасылку «Ватыкан. Мансеньёр Станіслаў Дзівіш». Праз тры тыдні я атрымаў адказ сакратара Папы з падзякай, дзе было напісана: Папа благаслаўляе мяне.
 
Другая кніга «Santo subito» выйшла ў 2010 годзе. Гэта кніга пра тыя рэчы ў жыцці святога Папы, якія мяне ўразілі найбольш. На яе напісанне мяне натхніў апошні візіт святога Яна Паўла II у Польшчу, калі ён наведаў і родныя Вадавіцы.
 
У трэцяй кнізе «Дом над Віслай» я распавёў пра жыццё маладога Караля Вайтылы ў Кракаве. Яна выйшла летась, тады ж у мяне ўзнікла ідэя стварыць дакументальнае кіно на аснове гэтай кнігі. Гэта мая трэцяя дакументальная праца, усе папярэднія здымаліся паралельна з напісаннем кніг. У фільме мы праходзім вуліцамі, якімі ў свой час хадзіў малады Караль Вайтыла, наведваем малавядомыя мясціны, звязаныя з жыццём маці святога Эміліяй Качароўскай». 
 
Размаўляла Кацярына Лаўрыненка
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.