Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Касцёлу патрэбны моладзевыя лідары»: у Фрайзінгу завяршыўся Міжнародны кангрэс «Рэнавабіс»
Беларусь
04.09.2015 17:37

У Фрайзінгу (Германія) 4 верасня завяршыўся 19-ы Мiжнародны кангрэс дабрачыннай арганiзацыi «Рэнавабiс», у якім прынялі ўдзел і хрысціяне з Беларусі. Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне будучыні моладзі ва Усходняй Еўропы.

Тэма была выбрана ў сувязі з Сусветным днём моладзi, які пройдзе ў 2016 годзе ў Кракаве (Польшча). У складзе беларускай дэлегацыi на кангрэс прыбылi прадстаўнiкi Праваслаўнай Царквы і Каталiцкага Касцёла, у тым лiку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

 

У першы дзень кангрэса яго ўдзельнiкi падзякавалі былому кіраўніку «Рэнавабiс» а. Стэфану Дартману SJ, якi ўзначальваў арганiзацыю апошнiя пяць гадоў. Беларуская дэлегацыя перадала ў дар святару альбом, выдадзены да 300-годдзя мiнскай архікатэдры.


Перадаючы сувенір айцу езуіту, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што сённяшняя архікатэдра ў Мінску раней была езуіцкім касцёлам.

Renovabis як аднаўленне


На завяршэнне кангрэса ранішнюю святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўступным слове іерарх прыгадаў словы гімну да Духа Святога «Emitte Spiritum tuum et renovabis faciem terrae» — «Спашлi свайго Духа i аднавi аблiчча зямлi», падкрэсліўшы, што менавіта са слоў гэтага гімну і паходзіць назва Renоvabis.

«Гэта вельмі сімвалічна, бо, дапамагаючы Касцёлу аднавіць сваё жыццё, “Рэнавабіс” дапамагае духоўна аднавіць аблічча зямлі», — сказаў арцыбіскуп.



Гамілію падчас Імшы прамовіў новы Мітрапаліт Каўнаса арцыбіскуп Лёнгiнас Вiрбалас.

Праца кангрэса складалася з прэзентацый i працы ў групах. Падчас дыскусiй i прэзентацыi шмат увагi было прысвечана праблемам сучаснай сям'i, мiжчалавечай салiдарнасцi, адукацыi, духоўнай фармацыi i адказнасцi моладзi за будучыню свету.

Праца завяршылася панэльнай дыскусiяй на тэму «Даць будучыню i надзею — напрамак дзеяння Касцёла, палiтыкi i грамадства ў Еўропе».

Пра што гаварылі на кангрэсе?


Было падкрэслена, што не толькі Касцёл павiнен натхняць моладзь, але i моладзь павiнна натхняць Касцёл. Важнай праблемай была названа і падтрымка дыялогу памiж пакаленнямi.

Было зазначана, што жыццё моладзі павiнна сведчыць пра Езуса i Евангелле, нягледзячы на тое, што моладзь мае свае жыццёвыя стандарты.

Асаблівая ўвага была звернута на тое, што для паспяховага пастырства моладзi неабходна прыслухоўвацца да яе меркавання. Хлопцы і дзяўчаты ў сваю чаргу павiнны прымаць вучэнне Касцёла.
Адзначалася, што моладзь Заходняй Еўропы павінна наследаваць рэлігійны энтузіязм моладзі з Усходняй Еўропы: у Касцёле павінны быць моладзевыя лідары, якія робяць яго больш прыцягальным для іншых.

Шмат увагi было прысвечана неабходнасцi прымiрэння памiж народамi, асаблiва ў сувязi з канфлiктам ва Украiне.



Кангрэс пацвердзiў, што дзверы ў будучыню для еўрапейскай моладзi адчынены i моладзь мае перспектыву, што і стала пасланнем кангрэса да маладых людзей.

Моладзь у Польшчы

На завяршэнне да ўдзельнiкаў кангрэса звярнуўся арцыбiскуп Кракаўскі кардынал Станiслаў Дзiвiш. Іерарх прадставiў грамадска-рэлiгiйны партрэт польскай моладзi, якая адыгрывае выключную ролю ў жыццi польскага грамадства.

«На жаль, у Польшчы сёння можна назіраць крызіс у рэлігійнай адукацыі, — адзначыў кардынал. — Удзел моладзi ў нядзельных набажэнствах змяншаецца, нягледзячы на тое, што ва ўсiх школах выкладаецца рэлiгiя i для катэхiзацыi выкарыстоўваюцца парафiяды і розныя моладзевыя рухi.
Маладыя людзi адкладаюць шлюб, расце колькасць незарэгістраваных сужэнстваў i сужэнстваў без шлюбу, а таксама колькасць разводаў».

Нягледзячы на гэта, па словах іерарха, вельмі важнае значэнне ў польскім грамадстве мае сямейнае жыццё.

«Бачным з'яўляецца пераход у Польшчы ад традыцыйнай масавай мадэлi рэлiгiйнасцi да асабiстага перажывання сустрэчы з Богам», — дадаў арцыбіскуп. «Гэтаму будзе служыць і сустрэча Папы Францiшка з моладдзю ў Кракаве ў 2016 годзе, на якую ўсіх вас і запрашаю», — заключыў іерарх.

(DN), (IL)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.