Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларус Павел Лемех склаў вечныя манаскія абяцанні ў супольнасці аблатаў (+фотарэпартаж)
Беларусь
10.09.2015 12:46

Брат Павел Лемех OMI стаў трэцім ураджэнцам Беларусі ў супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. Вечныя манаскія абяцанні ён склаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Обры (Польшча) 8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Брат Павел Лемех ОМІ паходзіць з невялікай вёскі Сцешыцы Вілейскага раёна. Пакліканне да манаства распазнаў не адразу. Адпраўной кропкай у гэтым пакліканні стала пілігрымка ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.

Падчас гэтых дзён малітвы і роздуму ён адчуў у сэрцы запрашэнне Бога. Затым была вучоба ў Мінску, дзе Павел Лемех пазнаёміўся з айцамі аблатамі ў касцёле на Залатой Горцы, дзе яны працавалі на той час.

«Пакліканне да манаскага жыцця нельга выбраць»

З самай раніцы ў семінарыі ў Обры адчувалася атмасфера свята. Браты, якія павінны былі скласці ў гэты дзень вечныя манаскія абяцанні, рыхтаваліся да ўрачыстай цырымоніі і віталі гасцей.

Калі гадзіннік на вежы кляштарнага касцёла прабіў 10, урачыстай працэсіяй да алтара пачалася святая Імша. Дым кадзідла апярэджваў крыж, за якім крочылі міністранты, браты, якія рыхтаваліся да складання вечных манаскіх абяцанняў, шматлікія святары аблаты, якія спецыяльна прыбылі з гэтай нагоды ў Обру. Урачыстую літургію ўзначаліў правінцыял Польскай правінцыі Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай а. Антоні Бохм ОМІ.

Разам з братам Паўлам Лемехам OMI вечныя манаскія абяцанні падчас Імшы складалі яшчэ чатыры аблаты.

Падчас гаміліі айцец правінцыял нагадаў прысутным, што «сёння яны складаюць дар за сябе Пану Богу і Касцёлу, аднак не са сваёй ініцыятывы! Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў — кажа ім сёння Езус».

Правінцыял адзначыў, што «пакліканне да манаскага жыцця нельга сабе выбраць», «неабходна быць пакліканым», каб прыняць гэты дар з удзячнасццю, як падарунак ад любячага Бога.

Святар нагадаў пра важнасць трох аспектаў убоства Хрыста: жыць ва ўбостве, пакінуўшы бацькоўскі дом і адрокшыся ад самога сябе. «Для нас такім выклікам з’яўляецца тое, што мы больш не належым сабе, але прысвячаем жыццё Богу», — сказаў правінцыял. На заканчэнне гаміліі святар падзякаваў бацькам манахаў, якія выхавалі сыноў у веры.

Сімвалы супольнасці

Кранальным момантам Імшы стала складанне братамі вечных манаскіх абяцанняў: чыстасці, убоства, паслухмянасці і стойкасці ў Таварыстве.

Таксама былі асвечаны аблацкія крыжы. Крыж, які браты атрымалі ў дзень складання вечных абяцанняў і які будуць насіць на грудзях, будзе нагадваць пра любоў Збаўцы, а таксама пра тое, што заданнем і пакліканнем манахаў у Касцёле будзе абвяшчэнне Хрыста.

Яшчэ адным знакам, атрыманым братамі ў гэты дзень, стаў знак асаблівай апекі Марыі — шкаплер Беззаганнага Зачацця. Да Беззаганнай Марыі, якая з’яўляецца прыкладам і апякункай манаскага жыцця, браты будуць звяртацца з верай і адкрытасцю на Святога Духа, штодзённа аднаўляючы сваю адданасць Хрысту.

Трэцім сімвалам, які атрымалі ў свае рукі маладыя аблаты, сталі канстытуцыі і правілы манаскай супольнасці аблатаў.

Штогод місіянеры аблаты Марыі Беззаганнай пасля заканчэння фармацыі ў кляштары ў Обры выязджаюць на служэнне ў далёкія краіны, а таксама стараюцца несці Евангелле найбольш пакінутым.

У Беларусі місіянеры аблаты з’явіліся перад ІІ Сусветнай вайной. У 90-я гады яны аднавілі сваю прысутнасць на беларускіх землях. Сёння ў Беларусі на чатырох пляцоўках працуюць шэсць місіянераў аблатаў: у Мінску, Шуміліне, Селіванаўцах і Пінску.

У 2016 годзе супольнасць аблатаў будзе святкаваць сваё 200-годдзе.

А. Анджэй Юхневіч OMI

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.