Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сям’я з Беларусі падаравала Папу незвычайны ружанец
Беларусь
18.09.2015 10:46

Раніцай 10 верасня Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці «Суполкі Маці Божай» («Équipes Notre Dame»), заснаванага ў Францыі ў 1938 годзе па ініцыятыве а. Анры Каффарэля. Сярод прадстаўнікоў руху была і сужэнская пара з Беларусі — Максім і Аліна Угорыч.


Рыхтавацца да Міжнароднай сустрэчы сем'яў з удзелам Святога Айца беларускія сем’і пачалі яшчэ ў маі. Тады выпадкова з’явілася ідэя падрыхтаваць для Папы Францішка асаблівы ружанец. Справа ў тым, што ўсяго рух Équipes Notre Dame у Беларусі налічвае 60 сем’яў, а гэта роўна столькі ж, колькі пацерак у ружанцы.

Усім удзельнікам руху было прапанавана падрыхтаваць адну пацерку ад сваёй сям’і ў падарунак Святому Айцу. У выніку атрымалася сабраць ружанец, які складаўся з абсалютна розных пацерак, частка з якіх была зроблена нават уласнымі рукамі. Ружанец асвяціў галоўны дарадчык руху кс. Андрэй Сіповіч.


Арганізатары сустрэчы да апошняга не ведалі, ці будзе магчымасць падарыць ружанец урачыста, таму беларускія сем’і на ўсялякі выпадак прыклалі да падарунка наступны ліст, перакладзены на іспанскую мову:

«Дарагі Папа,
У гэтым ружанцы — нашы беларускія сем’і.
Кожная пацерка падрыхтавана асобнай сям’ёй.
Менавіта таму яны ўсе такія розныя.
Мы ўклалі ў гэты ружанец нашу любоў, просьбы, падзякі і радасць быць католікамі.
Гэты ружанец — гэта наша абяцанне маліцца за Вас і ў Вашых інтэнцыях.
Гэты ружанец — гэта наша запрашэнне для Вас наведаць нашу краіну.
Вялікай радасцю для нас стане, калі ў сваіх малітвах Вы ўспомніце аб нашай краіне і беларускім народзе.
З памяццю ў малітве, Беларусь».

Як аказалася, ліст быў напісаны недарэмна: па пратаколе правядзення сустрэчы са Святым Айцом дарэнне падарункаў было не прадугледжана, і заставалася спадзявацца толькі на шчаслівы выпадак.


Мала хто верыў у тое, што перадаць падарунак падчас аўдыенцыі ўсё ж атрымаецца. Але ў выніку ружанец атрымалася перадаць практычна ў апошні момант сустрэчы. Застаецца толькі спадзявацца, што Папу Францішку падарунак з Беларусі спадабаўся і ён сапраўды ўспомніць аб нашай краіне ў сваіх малітвах.

Аліна Угорыч, catholicnews.by (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.