Дэлегацыя з Беларусі прымае ўдзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў |
Беларусь |
23.09.2015 13:36 |
З 22 па 27 верасня ў Філадэльфіі (ЗША) праходзіць Сусветная сустрэча сем’яў, у якой прымае ўдзел афіцыйная дэлегацыя з Беларусі. Дэлегацыю ўзначальвае біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і беларускага епіскапату Антоні Дзям’янка, іншыя яе члены — сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга OCD і сямейная пара Андрэй Мілееў і Наталля Пан. 22 верасня, на наступны дзень пасля прыбыцця ў Філадэльфію, дэлегацыя з Беларусі сустрэлася з прадстаўнікамі дэлегацыі з Расіі. У 13 гадзін па мясцовым часе адбылося афіцыйнае адкрыццё Сусветнай сустрэчы сем’яў. Прысутных – у цэлым каля 2 тысяч чалавек – прывітаў арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шапью. Затым арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і, у сваім выступленні падзякаваў усім сабраным за прыбыццё на сустрэчу, а таксама падзякаваў тым, хто паспрыяў яе арганізацыі. Усё гэта, як сказаў выступоўца, здзяйсняецца ў свабодзе, правільна зразуметай. Свабода чалавека, адзначыў іерарх, павінна быць заўсёды абмежавана правам, а права дапамагае належным чынам накіроўваць нашы пачынанні, каб яны вялі да правільнага жыцця. У такім значэнні права, дадаў біскуп, не абмяжоўвае свабоду чалавека, а яго захоўванне робіць нас вольнымі. У наступныя дні, да прыбыцця Папы Францішка, у межах Сусветнай сустрэчы сем’яў кожны дзень плануюцца канферэнцыі. 26 верасня прысутныя разам са Святым Айцом прымуць удзел у фестывалі сем’яў, а завершыць сустрэчу святая Імша ў нядзелю 27 верасня, якую ўзначаліць Пантыфік. Сусветная сустрэча сем’яў праводзіцца раз на тры гады. Мінулы раз сем’і з усяго свету збіраліся ў Мілане (Італія). Сёлетняя сустрэча праходзіць пад дэвізам «Любоў – нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце». (AG) |
Фотарэпартаж |