Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Крыжовы шлях. Дошка, аловак, акрыл». Адкрылася выстава Андруся Такінданга
Беларусь
23.09.2015 12:11

22 верасня ў Цэнтры сучасных мастацтваў адбылося адкрыццё выставы Андруся Такінданга «Крыжовы шлях. Дошка, аловак, акрыл». Серыя з 14 абразоў Крыжовага шляху з’явілася як замова для касцёла ў Лучаі.

У сваіх абразах Андрусь Такінданг параўноўвае Крыжовы шлях Езуса Хрыста са штодзённым жыццём чалавека, яго клопатамі, праблемамі, цяжкасцямі, але і радасцю, з крыжовым шляхам кожнага чалавека.

Абразы Крыжовага шляху спалучаны з замалёўкамі з серыі «Магічная мапа», дзякуючы якім ствараецца ўражанне, што Хрыстус крочыць па вуліцах, мястэчках Беларусі і сустракаюць Яго беларускія мужчыны і жанчыны.


На адкрыцці выставы старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, між іншым, сказаў, што талент чалавека можна пазнаць, калі ён пражыў больш за 20 гадоў. «Дык вось, пра Андруся можна сказаць, што ён чалавек таленавіты… Мастакі — людзі, якія прымаюць Божыя натхненні і іх рэалізуюць, і Андрусь — такі мастак», — адзначыў Рыгор Сітніца.

Сам Андрусь Такінданг пра сваю выставу кажа: «Пісаў Крыжовы шлях, быццам будаваў дом, касіў траву ці рабіў якую-кольвек простую працу. Літаральны, як батлейка, канкрэтны, як народны іканапіс, словам, – дошка, аловак, акрыл».


Андрусь Такінданг вядомы не толькі як мастак, але і як музыка гуртоў «Рэха» і «Гаротніца», а таксама тэлевядучы. На выставе не абыйшлося без знакамітых матываў гурта «Рэха».

Наведаць выставу можна да 3 кастрычніка, калі яна завершыцца творчай сустрэчай з мастаком Андрусем Такіндангам у Цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск, вул. Някрасава, 3).

Тэкст і фота Людмілы Бурлевіч. (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.