Чатыры беларусы з супольнасці палатынаў аднавілі часовыя манаскія абяцанні |
Беларусь |
30.09.2015 12:57 |
29 верасня часовыя манаскія абяцанні аднавілі 23 выпускнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны), сярод якіх чатыры браты з Беларусі — Сяргей Білдзіс SAC, Павел Дрэмо SAC, Руслан Пецкялюн SAC і Павел Зайцаў SAC. Урачыстасць, якую ўзначаліў правінцыяльны настаяцель правінцыі Звеставання Пана палатынаў кс. Адрыян Гальбас SAC, прайшла ў парафіяльна-семінарыйным касцёле Маці Божай Каралевы Апосталаў у Аўтажаве (Польшча).
Кожны з тых, хто склаў часовыя абяцанні, пастанавіў цалкам аддацца ў рукі Богу і наследаваць Хрыста, жывучы згодна з правіламі Таварыства Каталіцкага Апостальства. Часовыя абяцанні — гэта адказ на пакліканне, якім Бог адорвае чалавека, каб для Яго жыць і аддаваць сябе ў братэрскай супольнасці на службу людзям і свету. Манаскія абяцанні ў супольнасці палатынаў складаюцца з шасці пунктаў: чыстасці, убоства, паслухмянасці, духу службы, вытрымкі і сукупнасці цнотаў.
Перад гэтай урачыстасцю выпускнікі прымалі ўдзел у рэкалекцыях, на працягу якіх мелі час на малітву і разважанне. Рэкалекцыі — час духоўнага выйсця ў пустыню, таму гэта быў адпаведны момант для паглыблення малітвы і разважання над сваім жыццём.
Павел Дрэмо SAC, (IL) |