Арцыбіскуп Кандрусевіч прэзентаваў энцыкліку Святога Айца «Laudato Sі’» кансэкраваным асобам Беларусі |
Беларусь |
01.10.2015 13:50 |
30 верасня ў законным доме салезіян у Мінску адбылося чарговае пленарнае пасяджэнне Вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, падчас якога адбылася прэзентацыя энцыклікі Святога Айца «Laudato Sі’». Святую Імшу ўзначаліў Cтаршыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх падкрэсліў, якую вялікую ролю манаскія супольнасці адыгралі пры адраджэнні Каталіцкага Касцёла пасля камуністычнага рэжыму, калі нашая краіна перажывала вялікі недахоп святароў. «Сучасны свет забываецца, што заўсёды жывы Хрыстус ёсць галоўным у Касцёле. Усё часцей свет глядзіць на Касцёл як на нейкую арганізацыю, падобную да свецкай, якая займаецца развіццём і прапагандай культуры і дабрачыннасці. Але, калі ў Касцёле на першым месцы не будзе Хрыста, не будзе вертыкальнага складніка, а застанецца толькі гарызантальны, то ён страціць сэнс свайго быцця ў свеце. Ён не будзе сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, а стане музеем», — адзначыў Мітрапаліт. Таму, па словах арцыпастыра, вельмі актуальным з’яўляецца заклік Папы Францішка да кансэкраваных асобаў разбудзіць Касцёл. Пасля абедзеннага перапынку адбыліся выбары новага старшыні, намесніка старшыні, а таксама радных аб’яднання Вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Сустрэча Вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі завяршылася супольнай малітвай, якую ўзначаліў старшыня аб’яднання а. Міхаіл Цвячкоўскi МІС. (AG) |
Фотарэпартаж |