З 4 па 7 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца V Суперфінал Міжнароднага праекта «Салют талентаў» фестывальнага сезону 2014-2015. За галоўны прыз суперфіналу будзе змагацца выхаванец Моладзевай місіі «Чыстае сэрца» Данііл Савеня, вучань Маладзечанскай спецыяльнай адукацыйнай школы-інтэрната №2 для дзяцей з парушэннем зроку.
Удзел Данііла Савені ў конкурсе стаў магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы Моладзевай місіі «Чыстае сэрца». Місія ведае хлопчыка па ўдзеле ў фестывалі для таленавітых дзяцей і моладзі з інтэрнатных навучальных устаноў «Таленты чыстых сэрцаў».
У мінулым годзе Данііл, выканаўшы песню на ІІ Міжнародным фестывалі-конкурсе дзіцячай і юнацкай творчасці «На легендарнай сцэне» ў Віцебску, не пакінуў абыякавымі ні гледачоў, ні журы: хлопчык стаў лаўрэатам першай ступені і атрымаў магчымасць паехаць у наступным годзе на фестываль у Санкт-Пецярбургу.
Моладзевая місія «Чыстае сэрца» з’яўляецца рэлігійнай арганізацыяй, створанай на дабравольнай аснове для ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі хрысціянскай міласэрнасці і прапаганды агульначалавечых каштоўнасцяў.
Міжнародны праект «Салют талентаў» быў заснаваны ў 2008 г. Гэты праект — не толькі магчымасць прадэманстраваць свае творчыя дасягненні на ўсерасійскіх, еўрапейскіх і сусветных канцэртных пляцоўках, але і цікавае падарожжа, магчымасць пазнаёміцца з культурай і гісторыяй розных краін. У журы фестываляў-конкурсаў прымаюць удзел вядомыя артысты і педагогі, многія з якіх валодаюць званнямі Народнага артыста Расіі, Заслужанага артыста Расіі, Заслужанага працаўніка культуры, Ганаровага працаўніка адукацыі і г.д. «Салют талентаў» крочыць па планеце, і сёння дзіцяча-юнацкія фестывалі творчасці праходзяць па ўсім свеце: у Расіі, Еўропе, Азіі, Амерыцы, а таксама ў Беларусі.
Мілана Малішэўская, (AG)
|