Законніцы з Беларусі прынялі ўдзел у Пілігрымцы кансэкраваных асобаў у Рыме |
Беларусь |
08.10.2015 12:00 |
5-8 кастрычніка сёстры Людміла Леўдаровіч i Яніна Жукоўская з супольнасці сясцёр Місіянерак Хрыста Валадара прынялі ўдзел у Пілігрымцы кансэкраваных асобаў у Рыме. Ініцыятарам пілігрымкі, у якой удзельнічалі таксама законнікі і законніцы з Аргенціны, Бельгіі, Даніі, Францыі, Грэцыі, Германіі, Украіны, Венгрыі, Італіі, Вялікабрытаніі і ЗША, стаў біскуп Веслаў Ляховіч, дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы па справах душпастырства эміграцыі. У Год кансэкраванага жыцця, які перажывае зараз Касцёл, удзельнікі сустрэчы дзякавалі за дар паклікання да служэння ў Хрыстовым Касцёле. Праграма мерапрыемства ўключала сімпозіум, канферэнцыі, дзяленне досведам свайго штодзённага служэння ў розных краінах. 7 кастрычніка ўдзельнікі пілігрымкі прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, а потым сустрэліся з Папам Францішкам. Падчас сустрэчы Святы Айцец папрасіў асабліва маліцца аб новых пакліканнях, у якіх сёння мае патрэбу Касцёл. Таксама Папа заклікаў да асаблівага служэння сярод хворых і пажылых людзей. 8 кастрычніка кансэкраваныя асобы ўдзельнічалі ў ранішняй святой Імшы пры гробе св. Яна Паўла ІІ.
|