Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пробашч мінскага Чырвонага касцёла марыў быць лётчыкам, а стаў капеланам
Беларусь
08.10.2015 16:05

У кастрычніку стала вядома аб рашэнні курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, паводле якога кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску, прызначаны духоўным апекуном — капеланам — для 50-й змешанай авіяцыйнай базы ў Мачулішчах. Афіцыйна інстытута вайсковых капеланаў у Беларусі няма, але ёсць практыка, калі каталіцкія святары апякуюцца рознымі сацыяльнымі групамі — студэнтамі ў навучальных установах, хворымі ў шпіталях, зняволеннымі ў турмах.

Але духоўная апека ў войску, прызнаўся кс. Уладзіслаў для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, служэнне найбольш адмысловае.

«Тут ёсць і моладзь, ёсць і камандуючы састаў, ёсць іх сем’і. Яны ў сваім віру дзейнасці і абавязкаў рэдка калі могуць “прызямліцца” і задумацца над нечым адвечным і духоўным, бо гэтая крутаверць жыццёвая сапраўды нас уцягвае. Абавязкі капелана — як і ва ўсім свеце. Але хочацца, каб у нас гэта было “жывое” капеланства: жывая сустрэча з маладымі вайскоўцамі і старэйшым камандаваннем, каб яны спасціглі гэтую духоўную сувязь — ведалі не толькі “загад” і “выканаць”, але таксама мелі сумленне, веру, боязь Божую, што трэба не проста выканаць, а ўсвядоміць, што, калі загад тычыцца Бацькаўшчыны, то трэба выканаць яго тройчы лепш», — адзначыў святар.

Знаёмства святара з 50-й змешанай авіябазай адбылося яшчэ некалькі гадоў таму. Менавіта гэта, напэўна, і стала вырашальным у справе прызначэння духоўнага апекуна. «Мяне запрашаюць на прысягу, даюць слова сказаць перад навабранцамі і іх бацькамі. Тысяча-паўтары народа збіраецца і, ведаеце, паміж імі гучыць слова Божае, благаслаўленне, асвячэнне. Таксама хацелі, каб нейкі святар прыехаў і на Божае Нараджэнне, і на Вялікдзень. Я звяртаўся да Мітрапаліта, пытаў, ці можна. Ён адкаваў: “Так, калі ласка, паедзь”. Так я ўцягнуўся. Для мяне гэта таксама блізка па іншай прычыне. Перад заканчэннем сярэдняй школы я марыў быць выключна лётчыкам! Так што мяне гэта яшчэ больш набліжае. Я дзякую Богу, што я стаў святаром, але для мяне гэта яшчэ і ўдзячнасць Богу, што я, даверыўшыся Яму, маю цяпер дачыненне і да гэтай справы», — прызнаўся новапрызначаны капелан.

Асабісты склад авіябазы налічвае 700 чалавек, і святар не падзяляе вайскоўцаў па канфесійнай прыналежнасці. А тое, што лётчыкі-вайскоўцы — людзі асаблівыя, кс. Уладзіслаў усвядоміў даўно. «Гэта сапраўды такая “каста” людзей, якія павінны быць заўсёды на ўзроўні. Яны маюць справу з паветрам: там не так, як на зямлі (забыўся нешта і вернешся). Гэта людзі вельмі адказныя, пунктуальныя, якія ведаюць свае абавязкі і як іх выконваць. А ці бліжэй да Бога? Пэўна, але ў душу не заглянеш. Але я ўпэўнены ў тым, што яны адкрытыя, разумеюць кожную секунду небяспекі, на поўныя грудзі ўдыхаюць прастор палёту, веліч прасторы. А там, у небе, хочаш-не хочаш, з’яўляюцца словы “О Божа!», — растлумачыў святар.

Калі кс. Уладзіслаў Завальнюк атрымаў прызначэнне, то пачаў распрацоўваць канкрэтныя пункты — чым быць карысным для лётчыкаў-вайскоўцаў. Разам перанесці стрэсавую сітуацыю або супольна перажываць свята — святар упэўнены, што гэтае служэнне прынясе радасць і карысць абодвум бакам.

Ларыса Абрамчук для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.