28 кастрычніка Віктар Прыходзька з Гомеля прыняў дыяканскае пасвячэнне ў касцёле св. Мікалая ў Кіеве. Пасвячэнне ўдзяліў ардынарый Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі арцыбіскуп Пётр Мальчук OFM. Разам з Віктарам Прыходзькам пасвячэнне прыняў Войцех Вітэк з Польшчы, абодва з’яўляюцца навучэнцамі семінарыі «Redemptoris Mater».
Асаблівасць місіянерскіх семінарый «Redemptoris Mater» у тым, што падрыхтоўка святароў у іх грунтуецца на дзвюх апорах: звычайных для ўсіх семінарый правілах святарскай фармацыі і выхаванні сталай веры ў Нэакатэхуменальных супольнасцях. На сёння такіх семінарый у свеце налічваецца каля ста, тры з іх знаходзяцца ва Украіне. Гэтая краіна адзіная на постсавецкай прасторы, дзе ёсць такія семінарыі.
На святочную падзею прыехалі многія гомельцы: пробашч роднай парафіі Віктара, яго катэхісты, браты з суполкі, сваякі. Таксама ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічалі духавенства, члены Нэакатэхуменальных суполак з Кіева і іншых гарадоў. Пасвячэнне прайшло ў свята святых Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў.
Арцыбіскуп Пётр Мальчук, звяртаючыся да новых дыяканаў, пажадаў ім, каб яны, дзякуючы дапамозе заступнікаў гэтага дня, якія стануць заступнікамі іх дыяканскага служэння, змаглі быць для людзей заступнікамі ў безнадзейным становішчы.
Усяго з гомельскай парафіі, утворанай каля 25 гадоў таму, выйшлі ўжо чатыры каталіцкія святары. Гэта таксама члены Нэакатэхуменальнай супольнасці ксяндзы Павел Халяўкін, Аляксандр Каліноўскі, Аляксандр Драбышэўскі і Генадзь Казлоў.
Паводле katolik-gomel.by (AG)
|