Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У першы дзень лістапада Касцёл прыгадвае аб самым важным прызначэнні чалавека
Беларусь
31.10.2015 18:02

«А айцец Антоній сказаў, што імкнуцца да нябёсаў абавязкова. Гэты дзень 1 лістапада, калі ў Касцёле ўзгадваюць усіх, хто дакрануўся нябёсаў, —якраз для таго, каб нам, хто яшчэ кранаецца зямлі, нагадаць пра нашае самае важнае прызначэнне — імкнуцца да дасканаласці і стаць святымі…», — прагаворваў шэптам Вацак.

Вацак і Festum omnium sanctorum. 

«Святыя», Фра Бэата Анджэліка, XV ст

«Festum omnium sanctorum, Festum omnium sanctorum, 1 лістапада – урачыстасць Усіх Святых», — паўтараў Вацак, калі вяртаўся з парафіяльнай школы, у якой з сярэдзіны верасня распачаў сваю вучобу.

Ціха шаптаў сабе пад нос: «Колькі тых святых у свеце ёсць? Напэўна, толькі Богу і вядома, бо Ён жа ведае ў твар усіх тых, хто сваім зямным жыццём заслужыў жыццё вечнае.

Гэты дзень радасны, кажа айцец Антоній, няхай… Цікава, каб раптам кожнаму з тых святых даць па трубе, ды папрасіць, каб зайгралі, за колькі б кіламетраў ад нашае хаты было чутно?»

І ўсялякія іншыя пытанні адольвалі хлапечы розум.

А пакуль Вацак ішоў і думаў, лістота парыжэлага каштанавага дрэва хавала ўжо ўсе каштаны, некаторыя з якіх яшчэ не пакінулі свайго калючкавага саркафага. На адзін з такіх саркафагаў Вацак наступіў.

Саркафаг трэснуў і хутка аказаўся ў руках Вацака.

Толькі паспеў гэты каштан, каб распачаць сваю будучыню, але што цябе чакае, ці станеш ты калі-небудзь дрэвам магутным, ці дакрануцца твае галіны нябёсаў?

«А мае галіны?» — ціха спытаў сябе Вацак, паглядзеўшы на пасівералыя рукі, якія былі з маленькімі разоркамі зверху, з якіх дзе-нідзе пунсавелі найдрабнейшыя крынічкі…

«А айцец Антоній сказаў, што імкнуцца да нябёсаў варта, гэты дзень 1 лістапада, калі ў Касцёле ўзгадваюць усіх, хто дакрануўся нябёсаў, — якраз для таго, каб нам, хто яшчэ кранаецца зямлі, нагадаць пра сваё самае важнае прызначэнне — імкнуцца да дасканаласці і стаць святымі…

Кожны плод каштана пакліканы ўзрасці і дакрануцца нябёсаў, і для гэтага яму ўсё дадзена, увесь генетычны набор…

Ці кожны ўзрасце? Цяжка, бо каштан усё ж толькі расліна, якая не можа выбіраць.

Такі ў чалавека, які нараджаецца, у кожнага закладзены генетычны код, каб імкнуцца да дасканаласці і ўрэшце дакрануцца нябёсаў.

Толькі чалавек яшчэ можа выбіраць: ці цягнуцца да нябёсаў, ці прыгінацца пад ветрамі быць бліжэй да зямлі.

Вацак падняў свае шэрыя вочы ў такое ж лістападаўскае неба, яшчэ цямнейшыя аблокі, што ішлі з паўночнага ўсходу, і замёр на хвіліну.

Хацеў бы ўзрасці да нябёсаў», — падумаў і пайшоў на Імшу, бо, як сказаў айцец Антоній, гэта вялікая лістападаўская ўрачыстасць і абавязкова трэба быць на Эўхарыстыі, а яшчэ і атрымаць поўны адпуст, які можна ахвяраваць за памерлых.

А той каштан з саркафага Вацак вызваліў і паклаў у кішэню, каб пазней паспрабаваць дапамагчы ў каштанавым пакліканні…

Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.