Моладзь Беларусі памалілася Ружанец праз Skype |
Беларусь |
02.11.2015 12:29 |
31 кастрычніка моладзь з Гродна, Мінска, Полацка і Магілёва правяла малітву Ружанца праз Skype. Гэта ўжо пяты па ліку Ружанец, які праводзіцца моладдзю з выкарыстаннем сучасных сродкаў сувязі. Першая такая малітва праходзіла ў гродзенскім катэдральным касцёле з выкарыстаннем мабільнай сувязі. Калі да гэтага ўдзельнікамі была моладзь гродзенскай парафіі, то ў гэты раз маладыя католікі з усёй Беларусі. Ружанец адбыўся 31 кастрычніка, паколькі ў Беларусі ўваходзіць у моду святкаванне ў гэты час Хэлоўіна і каталіцкая моладзь у супрацьлегласць гэтаму святу вырашыла правесці Ружанец, паказваючы такім чынам перавагу веры ў жывога Бога. Перад малітвай Ружанца адбылася святая Імша з удзелам моладзі розных парафій Гродна і моладзі з Душпастырства «OPEN».
Падчас Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, моладзь прынесла да алтара дары. Быў прынесены мабільны тэлефон як напамін пра тое, што праз віртуальныя зносіны губляюцца жывыя стасункі адзін з адным і з Богам. Таксама былі прынесены каралі як сімвал частага імкнення да прыгажосці знешняй, забываючы пра добрыя ўчынкі і ўнутраную прыгажосць; шалік – сімвал малітвы за тое, каб холад быў толькі на вуліцы, а не ў сэрцах; вада – сімвал жывой вады, якую дае Езус, і таго, што менавіта яна, а не матэрыяльныя рэчы, можа наталіць смагу чалавека ў свеце і зрабіць яго шчаслівым. Былі прынесены хлеб і віно – сімвал ахвярнасці Хрыста, у той час, калі людзі, думаючы толькі пра сябе, не заўважаюць патрэбы блізкіх і ігнаруюць запаведзь любіць бліжняга як самога сябе.
У Ружанцы ўдзельнічала моладзь з Гродна пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы, Мінска пад кіраўніцтвам кс. Рамана Сушы, Полацка пад кіраўніцтвам кс. Аляксея Асона і Магілёва пад кіраўніцтвам кс. Віталія Драздоўскага. Удзельнікаў Ружанца прывітаў бікуп Аляксандр Кашкевіч. Таксама на малітве прысутнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Нягледзячы на невялікія збоі ў сувязі, малітва праз скайп адбылася. Прадстаўнікі кожнага горада маліліся і разважалі над сваёй таямніцай Ружанца. Разважанні чаргаваліся са спевамі і ігрой на гітары. Хрыстовы запал і атмасфера адзінства адчувалася ў гэты вечар. Пасля заканчэння малітвы сваімі думкамі і ўражаннямі падзяліліся біскупы Алег Буткевіч і Аляксандр Яшэўскі, а на заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў моладзь, якая, аднак, не спяшалася вяртацца дадому, а яшчэ паўгадзіны праслаўляла Бога спевамі. (MV), (AG) |
Фотарэпартаж |