Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кніга кс. Яна Твардоўскага «Вазьмі свой крыж. Разважанні Крыжовага шляху» выйшла ў выдавецтве «Pro Christo»
Беларусь
03.11.2015 15:21

У выдавецтве «Pro Christo» з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння кс. Яна Твардоўскага выйшла яго кніга «Вазьмі свой крыж. Разважанні Крыжовага шляху» ў перакладзе на беларускую мову. У аснову кнігі леглі прамовы кс. Яна, агучаныя ім падчас набажэнстваў Крыжовага шляху на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў яго душпастырскай працы.

g

Тут вы не сустрэнеце абстрактных мудрагелістых разважанняў пра таямніцу адкуплення… Тут вы не знойдзеце таксама складаных тэалагічных або філасофскіх канцэпцый, разлічаных на вузкае кола чытачоў… Разважанні Крыжовага шляху кс. Яна Твардоўскага, сабраныя ў кнізе «Вазьмі свой крыж» — пра нашае штодзённае жыццё, пра спрадвечныя праблемы міжасобасных стасункаў, а таксама адносінаў паміж Богам і чалавекам, пра цяжкасці ў веры, якія чалавек пераадольваў дзве тысячы гадоў таму і з якімі сутыкаецца сёння… Гэтая кніга кс. Яна Твардоўскага нядаўна выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» ў перакладзе на беларускую мову ў сувязі са 100-гадовым юбілеем аўтара.

У аснову кнігі леглі разважанні кс. Яна, агучаныя ім падчас набажэнстваў Крыжовага шляху на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў яго душпастырскай працы, галоўным чынам — у касцёле сясцёр візітантак пад тытулам святога Юзафа Абранніка ў Варшаве. Гэтыя разважанні, якія захоўваліся пераважна ў рукапісным і машынапісным выглядзе, сабрала і апрацавала Аляксандра Іваноўская, выдаўшы асобнаю кнігаю ў 2008 годзе.

У кожным цыкле разважанняў, які складаецца адпаведна з уводзінаў, чатырнаццаці стацый і заключэння, таямніца Крыжовага шляху асвятляецца з пэўнага ракурсу: або з часавай перспектывы, або ў святле канкрэтнай праблемы ці пытання. Пра гэта сведчаць самі назвы цыклаў разважанняў: «У той час і цяпер», «Бачыць прыяцеля», «Незалежна ад нас», «Чаму гэта сталася?» і інш.

Нярэдка здараецца, што мы, хрысціяне, хоць і добра ведаем Святое Пісанне, успрымаем яго неяк пасіўна, пакідаем пачутае і прачытанае дзесьці толькі на ўзроўні ведання, а не перажывання. Нібы жыццё, мука і смерць Езуса — падзеі нейкай іншай рэальнасці, далёкай і слаба звязанай з нашым уласным жыццём. Так, мы безліч разоў чулі, што Езус цярпеў бічаванне і крыжовыя мукі за нас. Але што канкрэтна азначаюць словы «за нас»? Мы ведаем, што на тое была Божая воля. Але ці кожнае цярпенне, праблема і смутак — па Божай волі? Нягледзячы на тое, што мы, здаецца, дасканала ведаем жыццё Езуса, вельмі часта Ён не становіцца для нас па-сапраўднаму блізкім; нягледзячы на шматлікія штодзённыя малітвы, мы не можам канкрэтна сказаць, як развіваюцца нашыя адносіны з Богам.

Менавіта гэтыя «напаўсонныя» сферы душы закранаюцца ў разважаннях кс. Яна Твардоўскага. Аўтар пераважна будуе іх у перспектыве канкрэтнай чалавечай сітуацыі. «Чаму ніхто ў Радзе не выказаўся ў абарону Езуса? Звычайна былі дыскусіі па справе асуджаных», — такім чынам кс. Ян Твардоўскі нібы «акунае» чытача ў канкрэтныя абставіны канкрэтнага гістарычнага дня, дае штуршок да самастойнага роздуму, крыху «ламае» нашыя застылыя ўяўленні пра муку Езуса.

Стыль пісьменніка, як заўсёды, просты, лаканічны і адначасова вельмі эмацыйны. Дзякуючы гэтаму разважанні кс. Яна нагадваюць не маналог, а натхнёны дыялог з чытачом, гарачую дыскусію. Напрыклад, не кожны чытач адразу са згодаю прыме такое сцвярджэнне: «Развага развагаю, але трэба яшчэ ўмець адгадаць Божую волю. Трэба мець пакору, каб ведаць: мая развага яшчэ няшмат значыць. Як распазнаць Божую волю? Часам вельмі лёгка: калі здараецца нейкі нечаканы выпадак, то гэта дакладна Божая воля». У кнізе зрэдчас трапляюцца выказванні, наконт якіх хочацца паспрачацца з аўтарам, але сустракаюцца і такія, што адной фразай даюць адказ на многія-многія нашыя пытанні: «Часам трэба ўпасці, каб узняцца вышэй», «Плач — гэта заўсёды праява бяссілля», «Давайце не будзем выдумваць сабе ўласных крыжоў»…

Як выказаўся аднойчы кс. Ян Твардоўскі, на пытанне «Чаму існуе цярпенне?» няма адказу, «мы павінны зразумець, што вера — гэта давер да Бога нават у цярпеннях і што дабро перамагае». Да гэтай высновы падводзіць чытача і кніга «Вазьмі свой крыж», пасля якой крыж не здаецца ўжо такім страшным, цярпенне — невыносным, а любоў — нязбыўнай…

Ганна Шаўчэнка
ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.