Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча Таварыства Святой Сям’і з Назарэту прайшла ў Навагрудку
Беларусь
09.11.2015 12:23

Вернасць Божаму слову ў жыцці Найсвяцейшай Панны Марыі стала тэмай чарговай сустрэчы Таварыства Святой Сям’і з Назарэту, якая адбылася ў Навагрудку з 6 па 8 лістапада. Духоўным апекуном дзён засяроджання быў кс. Віталій Сідорка, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Удзельнікі сустрэчы разважалі над роляй Божага слова ў жыцці як асобнага чалавека, так і ў жыцці супольнасці на прыкладзе ізраэльскага народа (Неем 8, 1-12) і Панны Марыі падчас Звеставання (Лк 1, 26-38). Падкрэслівалася, што штодзённае разважанне над Божым словам з’яўляецца шляхам да духоўнага развіцця чалавека.

Святар адзначыў, што людзі па-рознаму перажываюць сваю штодзённасць, часта спрабуючы рознымі спосабамі ўцячы ад рэальнасці (прагляд серыялаў, неўмеркаванае карыстанне інтэрнэтам, празмерныя рэлігійныя практыкі і г.д.), што ў сваю чаргу можа стаць прычынай дэпрэсіі ці прыводзіць да непаразуменняў з бліжнімі. Было падкрэслена, што Бог прыходзіць да людзей у сваім Слове менавіта для таго, каб даць смак чалавечай штодзённасці, каб людзі не ўцякалі ад рэчаіснасці, бо Ён хоча быць з імі ўсюды: дома, на працы, на рэкалекцыях.

Падчас святой Імшы святар нагадаў аб важнасці падрыхтоўкі да ўспрыняцця Божага слова: мець адкрытае і шчырае сэрца, прыходзіць на нядзельную Імшу крыху раней, каб мець час суцішыцца і засяродзіцца, па магчымасці прачытаць літургічнае чытанне загадзя. Таксама былі акрэслены тры асноўныя этапы супрацоўніцтва з Божым словам: чытанне, разважанне і дзеянне (актуалізацыя).  

Па словах святара, вельмі важна чытаць Божае слова рэгулярна, бо яно жывое, здольнае дзейнічаць у сэрцы і змяняць яго тут і цяпер, а добрыя плёны дзеяння Божага слова могуць быць заўважныя не адразу, але праз некаторы час, нават нечакана для самога чалавека.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся сваім перажываннем рэкалекцый і дзеяннем Божага слова ў іх жыцці.


Марына Кузняцова

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.