Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гісторык: унія сфарміравала менталітэт беларусаў
Беларусь
16.11.2015 12:24

У Мінску нядаўна выйшла ў свет наватарская кніга Дзяніса Лісейчыкава пра беларускіх святароў-уніятаў «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.», якую ўжо перадалі Святому Айцу Францішку.

Прасапаграфія — раздзел гістарычнай навукі, які займаецца абагульненнем звестак і вылучэннем калектыўнай нормы для гістарычных чалавечых супольнасцяў. Гэта своеасаблівая калектыўная біяграфія пэўнай супольнасці людзей.

Выданне стала сапраўдным даследаваннем, якога дагэтуль ніхто не праводзіў. За дзевяць гадоў аўтар сабраў разам, знайшоўшы ў архівах Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, 8,5 тыс. біяграфій прадстаўнікоў беларускага ўніяцкага духавенства. На падставе гэтага матэрыялу гісторык зрабіў нечаканыя тэарэтычныя высновы.

«Калі казаць філасофскімі катэгорыямі, то менавіта дзякуючы уніі мы, беларусы, ёсць сёння такімі, якія мы ёсць, з усімі нашымі рысамі менталітэту», — упэўнены даследчык.  


Прэзентацыя кнігі адбылася 15 лістапада. Фота niab.by

«Цікава было вызначыць, наколькі быў распаўсюджаны цэлібат сярод грэка-каталіцкіх святароў. Такіх на 8,5 тыс. было 31, значыць, гэта было рэдка, але не выключна рэдка. Мы задаваліся пытаннем, колькі дзяцей было ў сем’ях, і аказалася, што ў сярэднім было па трое дзяцей. Таксама цікава было вызначыць папулярныя імёны: сярод мужчын гэта Ян, сярод жанчын – Ганна. Сустракаліся і такія імёны-маркёры, напрыклад, Напалеон. Вядома, гэта імя стала папулярным пасля таго, як Напалеон Банапарт стаў кіраўніком французскай рэспублікі», — распавядае Дзяніс Лісейчыкаў, які займае пасаду намесніка дырэктара Нацыянальнага архіва Беларусі.

«Але цікава, што калі пасля вайны 1812 года бацькі давалі такое імя дзіцяці, то гэта кажа выразна аб антырасійскіх настроях. І ўвогуле цікава, што грэка-каталіцкі святар меў такое імя, вядома, вернікі да яго звярталіся "айцец Напалеон", што сёння гучыць экзатычна», — дадаў даследчык.

Што тычыцца слаўных, знакамітых імён, то іх нямала падарылі ўніяцкія сем’і ў галіне навукі, мастацтва, адукацыі: мастак Іван Хруцкі, літаратар Ян Баршчэўскі, мысляр Францішак Савіч, біёлаг Міхаіл Ачапоўскі, плеяда прафесараў Віленскага ўніверсітэта — усе яны былі сынамі грэка-каталіцкіх святароў.

Гэта, як адзначыў Дзяніс Лісейчыкаў, не дзіўна, таму што сем’і духавенства, у тым ліку грэка-каталіцкага, былі пісьменнымі, а іх дзеці, нават калі не ішлі па святарскім шляху, дасягалі пэўных высот у грамадскім і навуковым асяроддзі.


Аўтар на прэзентацыі кнігі ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь. Фота niab.by

Падняўшы пласт гэтай інфармацыі і яшчэ раз пераканаўшыся ў дасягненнях гэтых людзей, тым больш крыўдна, што ў наш час гісторыю Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі разглядаюць праз штампы, існуючыя доўгія часы. Калі з XIX ст. феномен уніі звязвалі толькі з так званым «акаталічваннем», то сёння з’явіліся антыпрапагандысцкія працы ў абарону уніі, але таксама з «перакосам» у іншы бок. А гэтая тэма патрабуе глыбокага і навукавага вывучэння, лічыць Дзяніс Лісейчыкаў.

«Змена акцэнтаў адбылася, раней казалі, што унія — гэта кепска, сёння на эмоцыях кажуць, што гэта добра. Калі мяне пытаюць, а вы "за" ці "супраць" уніі, я не магу адказаць на гэта пытанне, на якое адказаць немагчыма. Феномен уніі — гэта прадмет даследаванняў. Тут былі і адмоўныя, і пазітыўныя моманты, але ўсё гэта трэба вывучаць», — кажа даследчык.

Увогуле, адзначыў Дзяніс Лісейчыкаў, сёння гісторыю Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а дакладней з XVI па XIX стагоддзі, ігнаруюць, як апрыёры спрэчную, на розных узроўнях – грамадскім, навуковым, рэлігійным. Але менавіта граматны і прафесійны падыход да фактаў дапаможа ў барацьбе з міфамі і стэрэатыпамі. Аказваецца, ніхто і ніколі рэальна не падлічваў, колькі парафій, святароў і вернікаў належала ў тыя часы да Грэка-Каталіцкай Царквы.

Нават у навуковым асяроддзі карыстаюцца лічбамі, прадстаўленымі ў той ці іншы час тым ці іншым зацікаўленым бокам, прычым часта з ідэалагічнай афарбоўкай.

«Зараз крыху падымае галаву неазаходнерусізм, у значна горшым варыянце, чым першы, таму што класічны заходнерусізм — тыя і мову ведалі, і крыніцы, і спадчына ўніяцкая імі проста пераасэнсоўваецца. А сённяшняя плынь — ненавуковая. Няма цягі да першакрыніц. А за кошт перадрукоўкі крыніц гэтыя міфы і захоўваюцца, прабел запаўняецца. Таму проста трэба шукаць сваё месца ў гэтых крыніцах і дакументах», — сказаў даследчык.

Заходнерусізм — расійская шавіністычная ідэалогія, якая адмаўляе існаванне самастойнай беларускай нацыі і яе права на ўласную дзяржаву.

Даследаванні па гісторыі уніі Дзяніс Лісейчыкаў працягне, магчыма, яны ў будучыні таксама будуць прадстаўлены шырокаму чытачу. А сённяшняя кніга аб беларускіх грэка-каталіцкіх святарах ужо знайшла месца і ў Ватыкане – некалькі дзён таму яе перадалі Святому Айцу Францішку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.