Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім Палацы мастацтваў тры дні экспанавалася «Праўда пра Курапаты»
Беларусь
16.11.2015 18:13

На працягу трох дзён, пачынаючы з 13 лістапада, у мінскім Палацы мастацтваў праходзіла выстава «Праўда пра Курапаты». Галоўнай мэтай мастацка-дакументальнага праекта было абудзіць у беларускай грамадскасці памяць да гэтага трагічнага месца масавага забойства людзей, якое было здзейснена бальшавіцкімі карнікамі ў 30-я гады мінулага стагоддзя.

За гэты кароткі час выставу наведала, як адзначылі арганізатары, прыкладна каля дзвюх тысяч чалавек, сярод якіх была і студэнцкая моладзь, і настаўнікі з вучнямі, і бацькі з дзецьмі.

«Каб душа была чыстая і здаровая, трэба памятаць пра пакутнікаў з Курапатаў», — адзначыў мастак Ігар Марачкін. На выставе была прадстаўлена супольная праца Ігара Марачкіна і Алеся Мары — «Маці Божая Курапацкая усіх бязвінна расстраляных».


Падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў, якая адбылася 16 лістапада, былі агучаны тры мэты, што арганізатары ўкладаюць у гэтую выставу, якую плануюць прэзентаваць у іншых гарадах Беларусі:

  • абарона Курапатаў;
  • распаўсюджанне ведаў;
  • узнаўленне імёнаў загінулых.

Было падкрэслена, што справа Курапатаў чакае новых маладых даследчыкаў, якія б працягнулі справу памяці.

Палітолаг і грамадскі дзеяч Вацлаў Арошка, які рыхтаваў для выставы стэнды «Каты» і «Расстраляныя», пацвердзіў цікавасць, якую абудзіла выстава.

Мастак Генадзь Драздоў звярнуў увагу на хрысціянскі аспект праблемы, бо праз Курапаты «грэх ляжыць на нашым грамадстве», духоўнае ачышчэнне якога патрабуе пакаяння за гэтыя масавыя забойствы.

«Мы мала сказалі пра свой боль...» — адзначыў мастак Эдуард Агуновіч, аўтар працы «Крык кнігаўкі», якая з’яўляецца водгукам на трагедыю, што перажывала сям’я мастака.

Фрагмент карціны «Крык кнігаўкі»

Як лічыць Уладзімір Раманоўскі, старшыня Рады міжнароднага гісторыка-асветніцкага дабрачыннага праваабарончага таварыства «Мемарыял», урочышча «Курапаты» патрабуе «персаналізацыі», «канкрэтызацыі» — павінна быць больш шыльдаў, больш пазнак, якія б тлумачылі, хто тут забіты, калі і прадстаўнік якога народа, каб не губляцца ў роздумах сярод вялікай колькасці драўляных крыжоў і дрэваў.

Мастак Ігар Марачкін дадаў, што адным з крокаў мемарыялізацыі ўрочышча павінна стаць ўсталяванне пэўнага будынка, капліцы.

У сувязі з гэтым паўстала пытанне, якой яна будзе — належаць да пэўнай канфесіі ці міжканфесійная. 

У 1993 годзе, калі вакол Курапат было шмат гаворкі і руху, быў прапанаваны праект узвядзення якраз міжканфесійнага месца малітвы, якое б яднала поліканфесійнае беларускае грамадства. Гэты праект належаў аўтарству Фелікса Янушкевіча.

Як адзначыў мастак Ігар Марачкін, «сосны курапацкія міжканфесійныя», да крыжоў якіх прыходзяць свядомыя прадстаўнікі розных канфесій.

Урочышча Курапаты — гэта боль усёй беларускай зямлі і суседніх народаў, прадстаўнікі якіх таксама цярпелі і паміралі ў курапацкім лесе.

Фрагмент карціны «Слёзы памяці. Пакутнікам Халакосту», мастак Алесь Мара

Курапаты павінны яднаць усіх, і канфесіі, і розныя народы. Як адзначылі выступоўцы, Беларусь поўніцца такімі Курапатамі: каля Віцебска, Магілёва, Мазыра.


Тэма Курапатаў – гэта адна з тэм, якая павінна аб’яднаць народ, таму важна, каб як мага больш людзей даведалася пра яе, адзначаюць мастакі і грамадскія дзеячы, якія зладзілі выставу.

Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.