Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень з жыцця семінарыста: 22 лістапада Касцёл моліцца за выкладчыкаў і навучэнцаў беларускіх семінарый
Беларусь
22.11.2015 00:00

22 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, Каталіцкі Касцёл у Беларусі асаблівым чынам моліцца ў інтэнцыі выкладчыкаў і навучэнцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У гэты дзень семінарысты наведваюць розныя парафіі. Для супольнасці семінарыі гэта добрая нагода, каб пазнаць Касцёл у Беларусі і сустрэцца з тымі, хто дапамагае семінарыі малітвай і ахвярай.

Для большасці людзей навучэнцы духоўных семінарый – асобы загадкавыя. Яны носяць строгую форму і вядуць схаванае ад старонніх вачэй жыццё. Аднак вельмі цікава, як выхоўваюць будучых святароў, якія заўтра будуць правадырамі вернікаў на шляху да святасці.

Прапануем перажыць адзін дзень з навучэнцам 5 курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Яўгенам Ціханам. Яго нататкі перадаюць атмасферу навучальнай установы і дапамагаюць убачыць яе сапраўднае жыццё.

Пятніца, 6 лістапада 2015 года
   
6.30 — тры званкі. Я прачнуўся ў пазітыўным настроі. Пануючая ў семінарыі цішыня пабуджае да малітвы.

7.00 — супольная Літургія гадзін.
Пачуццё еднасці і ўдзелу супольнасці ў Божай службе. Літургія велічна ўводзіць у сам культ Бога і ўключае ўсіх у праслаўленне Трыадзінага Бога. Сёння мы разважалі над Евангеллем паводле Лукі (Лк 16, 1–8) аб прадпрымальным аканоме. На першы погляд, багаты чалавек з прыпавесці хваліць аканома за несправядлівасць. Але, даходзячы да сутнасці справы, мы даведваемся, што ён хваліць аканома не за падман, а за тое, што ён знайшоў выйсце ў складанай сітуацыі. Залішняя разважлівасць прыводзіць да хітрасці, таму варта вучыцца сумленнасці ў адносінах да ўсіх.

7.30 — святая Імша.
Сёння яе ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Маліліся ў інтэнцыі памерлых ахвяравальнікаў, дабрадзеяў, выкладчыкаў і выхаванцаў нашай семінарыі. Біскуп сказаў: «Мы ствараем супольнасць у адной веры жывых і памерлых. Мы злучаны з імі праз любоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса».

8.30 — сняданак.

9.00 — лекцыя па маральнай тэалогіі.
Аналізуем IV запаведзь. Я прыйшоў да высновы, што Бог не загадвае выконваць запаведзі, а перш за ўсё паказвае доказы сваёй любові. Таму выкананне Божых запаведзяў з’яўляецца адказам на Божую любоў. Падобна і IV запаведзь гаворыць пра ўдзячнасць. На любоў бацькоў мы павінны таксама адказваць любоўю.


10.55 — лекцыя па Старым Запавеце. Біблійныя кнігі заключаюць у сабе шматвекавую гісторыю. І гэта гісторыя не толькі Ізраэля, але і навакольных народаў. У святых кнігах бачны сляды розных традыцый і цэлых зменлівых глабальных эпох. Развіццё тэалогіі рыхтуе падмурак для Новага Запавету, а дынамічнае і жывое Слова ў іншыя часы чытаецца актуальна. Усё гэта робіць Святое Пісанне Божай скарбніцай, пазнаць якую на 100% немагчыма. Тэмай сённяшняга занятку па Старым Запавеце была Кніга прарока Ісаі. Мы вывучалі яе гістарычны фон і сам змест.

13.45 — малітва на працягу дня. Літургія гадзін у пятніцу пагружае ў Муку Пана. Працягам гэтага разважання з’яўляецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пасля абеду і роздум над пакутамі Хрыста.



14.00 — абед.

15.00 — індывідуальнае ўшанаванне гадзіны Божай міласэрнасці. Згодна з традыцыяй семінарыі, споведзь у гэты час з’яўляецца нібы адчувальным дотыкам Крыві Пана, што ачышчае ад правін і перамяняе душу на падабенства Хрыста, які ахвяраваў сябе за нас. Я ўдзячны Богу за ласку споведзі, якую мы можам выкарыстаць і ачысціцца.

15.30 — у актаву ўрачыстасці Усіх Святых мы разам з братамі наведалі пабернардынскія могілкі,
каб памаліцца за памерлых, атрымліваючы за іх адпуст. Я падумаў аб тым, што цішыня, якая трывае ля магіл ксяндзоў і многіх вернікаў, з’яўляецца знакам чакання ўваскрашэння. Гэта цішыня, якая прадвяшчае вялікі трыумф. Калі Пан прыйдзе, тады выйдуць і слугі Яго ў трыумфальным шэсці.

16.30 — студыум – час для індывідуальнай вучобы. Час на чытанне і вучобу найбольш плённы пасля малітвы. Тут паглыбляецца вера і ўзрастае любоў да Бога, бо мы пазнаём творы любові Стварыцеля і, у суме, нават саму Яго сутнасць. Пачутае на лекцыях слова павінна ўкараняцца і расці.

18.45 — вячэра.

19.00 — выкананне абавязкаў. Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы літургіі і Навэнны да Маці Божай на наступны дзень. Зрабілі падсветку для вітража. Гэта Божая служба, таму што мы робім усё гэта на карысць супольнасці, у якой жывём. Мы служым іншым, як Хрысту. Часам здараецца, што вечарам неабходна дарабіць тое, чаго нельга адкладваць на заўтра. Астатні час становіцца творчым часам, мы дзейнічаем з перспектывы таго, што ўжо было сёння зроблена.

21.00 — пасля прагулкі на свежым паветры і адпачынку ад заняткаў у мяне ёсць час для духоўнага чытання і клопату пра свой унутраны свет.

21.45 — асабістая малітва. Я дзякую Богу за дзень, прыемную цішыню і ўсе ўдзеленыя мне ласкі. Малюся за маладых людзей, пакліканне да святарства якіх падаўляецца сучасным светам. Няхай Божы голас будзе чутны ў глыбіні іх душаў.

22.30 — у семінарыі згасае святло. Навучэнцы адпачываюць, каб з новымі сіламі пачаць заўтрашні дзень. За паўтары гадзіны да сну пачынаецца silentium sacrum – святое маўчанне, якое семінарысты захоўваюць да самай раніцы. Галоўная яго мэта – суцішыцца і злучыцца ў думках з Богам.


***

Навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне моляцца на трох мовах – беларускай, польскай і лацінскай. Тройчы на дзень прамаўляюць «Анёл Панскі». Штодня разважаюць над Святым Пісаннем. Тры разы на дзень робяць рахунак сумлення. У сярэднім маюць па пяць навучальных дысцыплін на дзень. Пасля абеду – вольны час і час для самастойнай падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Двойчы на тыдзень семінарысты выходзяць у горад, як правіла, групамі па 2-3 чалавекi. У семінарыю вяртаюцца як дадому.

Падрыхтавала Ангеліна Пакачайла, газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова Жыцця» 21 (432), 15 лістапада 2015 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.