«Трэба ў Вільні бываць часцей»: вернікі з Мінска здзейснілі пілігрымку ў Вострую Браму |
Беларусь |
20.11.2015 10:53 |
18 лістапада Вострая Брама вітала пілігрымаў з Мінска. Да цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай прыехала каля 50 вернікаў. Арганізоўвалі паломніцтва «легіянеры» касцёла свв. Сымона і Алены. Вільня прыносіць моцнае пачуццё радасці і гонару за тое, што мы, беларусы, маем такое незвычайнае месца, якое можам таксама назваць сваёй гістарычнай радзімай. Менавіта тут, у былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, да якога кожны год прыбываюць пілігрымы з Беларусі і ўсяго свету. З мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены такія пілігрымкі арганізоўваюцца штогадова.
«Гэта мая родная парафія. Я паступіў у семінарыю з гэтай парафіі. Для мяне Маці Божая – духоўная маці, каля якой вельмі ўтульна і добра быць. Я думаю, што ўсе пілігрымы, якія прыходзяць сюды, адчуваюць падобнае. Хочацца, каб, нягледзячы на розныя перашкоды, яны прыязджалі, таму што ведаю, што пілігрымы вельмі любяць Маці Божую Вастрабрамскую», – падзяліўся думкамі пробашч парафіі Святой Тэрэзы у Вільні кс. Кястусіс Латоза. «Гэтая пілігрымка больш цікавая за мінулыя ў тым плане, што прыйшлося прайсці больш выпрабаванняў. Такім чынам загартаваць сваю веру, умацаваць давер да Бога і сваю любоў. Цяжкасці і перашкоды – гэта на самой справе не штосьці дрэннае, яны робяць цябе чалавекам па вобразу і падабенству Божаму», - падзяліўся ўражаннямі арганізатар пілігрымкі Уладзімір Вайцяховіч.
Да пілігрымаў далучыліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк. Разам са святарамі вернікі памаліліся на ружанцы, які правялі дзеці ў нацыянальных беларускіх строях. Пасля Ружанца пілігрымы скіраваліся на святую Імшу, якую цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары з Беларусі. Самыя маладыя пілігрымы чыталі Божае Слова і спявалі псальмы. Магчыма, самым запамінальным момантам падчас пілігрымкі была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы Божай Міласэрнасці. Перад абразом Езуса Міласэрнага пілігрымы чыталі ўрыўкі з дзённіка св. сястры Фаўстыны Кавальскай, дзе яна піша пра тое, як Езус у сваіх аб’яўленнях сказаў ёй напісаць Яго абраз – сімвал Божай Міласэрнасці. Урыўкі чаргаваліся з кранальнымі лірычнымі спевамі. Пасля адарацыі пілігрымы памаліліся Вяночкам Божай Міласэрнасці.
Незвычайнае, ціхае і таямнічае месца, дзе сапраўды адчуваеш унутраны супакой і радасць, адчуваеш Божую Міласэрнасць, якая напаўняе душу, і гэтай радасцю хочацца дзяліцца з іншымі. Арганізатар мінскай пілігрымкі Уладзімір Вайцяховіч напрыканцы паломніцтва прызнаўся: «Я хачу, каб у маёй краіне было больш месца для Бога, таму мне хочацца ўдзельнічаць у такіх пілігрымках, рабіць усё магчымае і немагчымае, каб нашыя людзі набліжаліся да Бога, каб яны больш ушаноўвалі Панну Марыю і праз гэта ўзрасталі ў любові да Бога, а гэтая любоў пашыралася на іншых». Гэтая пілігрымка яшчэ раз нагадала ўдзельнікам пра бязмежную Міласэрнасць, якой Бог адорвае кожнага і якую можна пашыраць, працуючы, у першую чаргу, над самім сабой. А для гэтага «трэба ў Вільні бываць часцей, у Вострай Браме бываць не госцем, каб душою нам стаць чысцей і не страціць святое штосьці». Марына Валасар Фота аўтара |
Фотарэпартаж |