«Восеньскі баль абаронцаў жыцця» прайшоў у Магілёве |
Беларусь |
25.11.2015 15:40 |
Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» шукае любыя шляхі адраджэння традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, таму ўжо ў трэці раз правёў у Магілёве «Восеньскі баль абаронцаў жыцця». 21 лістапада ў доме культуры Аўтазавода танцавалі сужэнскія пары з Магілёва, Віцебска, Бабруйска, Мінска і Слоніма. Туманны восеньскі вечар, жоўтыя ліхтары ля параднага ўваходу, вялікая зала дапамаглі стварыць сапраўды казачную атмасферу, пра якую потым з захапленнем успаміналі ўдзельнікі. Некаторыя пары спецыяльна загадзя хадзілі на курсы і развучвалі танцы. Аднак галоўнае на балі не тое, каб правільна выконваць усе танцавальныя рухі, а тое, каб муж і жонка маглі цэлы вечар правесці разам. Таму нават тыя, хто зусім не ўмее танцаваць, не адчувалі сябе лішнімі, бо самым важным была магчымасць адарвацца ад шэрасці штодзённых клопатаў, паглядзець адно аднаму ў вочы, для чаго танец з’яўляецца выдатнай нагодай. Арганізатары лічаць, што бальныя танцы маюць да абароны жыцця і сям’і самае непасрэднае дачыненне, таму што такі танец – напэўна, апошняя сфера жыцця, якую яшчэ не закранулі фемінізм і гендэрная ідэалогія.
У танцы ролі мужчыны і жанчыны застаюцца традыцыйнымі: мужчына вядзе і кіруе, а жанчына згаджаецца і падпарадкоўваецца, таму ў наш час бальныя танцы можна смела рэкамендаваць у якасці спосабу для ўмацавання сужэнскіх адносін. Нават чалавек, далёкі ад эстэтыкі, пагодзіцца, што бальны танец – гэта проста прыгожа, а асабліва прыгожа, калі танчаць сужэнцы. Уладзіслаў Валаховіч (MV), (AG) |
Фотарэпартаж |