Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Карціну-абраз «Маці Божая Нябеснай сотні» можна пабачыць у мінскім Палацы мастацтваў да 30 лістапада
Беларусь
26.11.2015 20:14

На выставе, прысвечанай 25-годдзю мастацкай суполкі «Пагоня», якая адкрылася ў мінскім Палацы мастацтваў 24 лістапада, экспануецца карціна мастака Аляксея Марачкіна «Маці Божая Нябеснай сотні».

Таксама сярод вялікай колькасці выстаўленых прац мастакоў гэтай суполкі большасць займаюць працы гістарычнай тэматыкі.

Сярод карцін можна знайсці партрэт Яна Карповіча-Матусевіча — беларускага рэлігійнага дзеяча і святара, які стаяў ля вытокаў адраджэння ўніяцтва ў Беларусі, быў першым пробашчам мінскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Юзафа.


«Ян Матусевіч», мастак Віктар Маркавец

«Маці Божая Нябеснай сотні»

Асобнай увагі заслугоўвае карціна мастака Аляксея Марачкіна (Алеся Мары) памяці загінулых украінцаў, т. зв. «Нябеснай сотні».

На карціне Маці Божая трымае Дзіцятку Езуса, які рукамі ашчапіў Яе за шыю («Замілаванне»), а  побач з імі на блакітна-жоўтым фоне справа і злева бачны дзве птушкі.

«Калі прыгледзецца, — кажа аўтар карціны, — можна заўважыць, што целы гэтых дзвюх птушак складаюць малыя птушкі, якія сімвалізуюць душы загінулых людзей».

Фрагмент, «Маці Божая Нябеснай сотні», мастак Алесь Мара

Калі прыгледзецца да многіх іншых карцін гэтай выставы, то можна шмат чаго заўважыць, пераасэнсаваць, і «пераасэнсаванае» панесці разам з сабою, як частку свайго неба, што, па словах Уладзіміра Караткевіча, якому 26 лістапада споўнілася б 85 гадоў, кожны носіць з сабою.

Усе, хто хоча паразважаць над старонкамі мінуўшчыны і сучаснасці, могуць наведаць гэтую выставу, якая працягнецца да 30 лістапада.

На ніжнім паверсе Палаца мастацтваў таксама можна ўбачыць працы Аляксея Марачкіна, якія экспануюцца асобна. Сярод іх такія, як «Мара аб палёце», «Дабравест» і многія іншыя.

Фрагмент, «Дабравест», мастак Алесь Мара

Фрагмент, «Мара аб палёце», мастак Алесь Мара

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.