Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнікі семінарыі ў Гродне прынялі ўдзел у чуванні ў інтэнцыі евангелізацыі народаў у Чэнстахове
Беларусь
10.12.2015 10:02

Прадстаўнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прынялі ўдзел у начным чуванні ў інтэнцыі евангелізацыі народаў, якое адбылося з 5 на 6 снежня ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары (Польшча).

Дыякан Анджэй Ганчар і семінарыст Павел Шэмет таксама прынялі ўдзел у місіялагічнай сесіі, якую штогод арганізуе Папская Місійная Унія. Сесія сёлета праходзіла пад дэвізам «Верныя сыны Марыі – мучанікі з Пар’якота» і была прысвечана тром місіянерам, якія загінулі ў Перу ў 1991 г. і 5 снежня ў Чымбота (Перу) былі абвешчаны благаслаўлёнымі.

Гадзіны начнога чування ў інтэнцыі місій удзельнікі перажывалі ў еднасці з удзельнікамі беатыфікацыйных урачыстасцяў у Перу. Таксама іх малітва была непасрэднай падрыхтоўкай да Года Міласэрнасці, абвешчанага ў Паўсюдным Касцёле.



У сустрэчы прынялі ўдзел тыя, хто клапоціцца аб місійнай дзейнасці Касцёла. Справа місіянерства не абыякавая і навучэнцам семінарыі ў Гродне. Сваімі малітвамі яны падтрымліваюць усіх місіянераў, якія з вялікім запалам нясуць Евангелле Хрыста тым, хто яго яшчэ не ведае або забыўся аб ім.

Сустрэча на Яснай Гары папярэднічала святкаванню 100-годдзя дзейнасці Папскай Місійнай Уніі, якая была заснавана ў 1916 г. благаслаўлёным Паўлам Маннэ.

Абодва навучэнцы семінарыі ў Гродне ўдзячныя арганізатарам гэтай сустрэчы за запрашэнне, а сваім выкладчыкам – за магчымасць удзелу ў місіялагічнай сесіі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.