Няма паняцця “яны”, ёсць толькі “мы”: шведскія спецыялісты правялі семінар для СМІ на тэму інваліднасці |
Беларусь |
12.12.2015 08:53 |
Семінар “Інклюзіўнае адлюстраванне або стэрэатыпы – як мы можам паўплываць на вобраз людзей з асаблівымі патрэбамі ў СМІ?” праходзіў у межах культурнага праекта «Сафіт». Мерапрыемства адбылося 10 снежня ў БЦ «Вікторыя». Арганізавалі семінар журналісты і медыяпедагогі са Швецыі сумесна з «Беларускай арганізацыяй дапамогі дзецям інвалідам і маладым інвалідам». У семінары ўдзельнічалі беларускія журналісты, прадстаўнікі розных арганізацый, а таксама людзі з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькі. Вядучымі семінара былі спецыялісты са Швецыі: Джэні Рэйхвальд, медыяпедагог Шведскай Адукацыйнай Вяшчальнай кампаніі UR, і Оса Толгравен – журналіст і тэлепрадзюсар, кіраўнік праектаў гэтай кампаніі. Падчас тэматычных прэзентацый вядучыя са Швецыі падзяліліся ўласным вопытам адлюстравання тэмы інваліднасці на шведскім тэлебачанні, а таксама паказалі некалькі ролікаў, героямі якіх з’яўляюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. «Мы трансліруем свае перадачы на асноўных шведскіх тэле- і радыё- каналах. Таксама ў нас ёсць свой тэлеканал «Веды», які ўваходзіць у агульнанацыянальную сетку», — распавялі вядучыя. Шведскія спецыялісты таксама прызналіся, што ў сваіх роліках імкнуцца паказаць жыццё непаўнацэнных людзей такім, якое яно ёсць, не акцэнтуючы ўвагу на іх фізічныя або разумовыя недахопы, уключыць такіх людзей у пэўную грамадскую дзейнасць, а таксама даць магчымасць маладым людзям самім распавесці пра сябе. «У нас ёсць задача паказваць перадачы на мовах меншасцяў, пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі і перадачы на мове глуханямых. Таксама мы ствараем адукацыйныя праграмы для шырокай аўдыторыі, пачынаючы ад школы і да ўніверсітэта. Многія рэчы вельмі цесна звязаныя са школьнай праграмай, але гэта могуць быць таксама перадачы для дарослых. Мы стварылі радыёперадачу, дзе вядучыя — людзі з абмежаванымі інтэлектуальнымі магчымасцямі. Гэта ранішняе шоў. Перадача прызначана для ўсіх, не толькі для людзей з асаблівасцямі», — распавяла медыяпедагог Джэнні Рэйхвальд. Падчас тэматычнай прэзентацыі вядучыя пазнаёмілі ўдзельнікаў семінара з «Лесвіцай роўнасці» — спецыфічнай методыкай адлюстравання ў СМІ тэмы інваліднасці. У лесвіцу ўваходзяць дзевяць прыступак-метадаў, якімі карыстаюцца журналісты, калі пішуць пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Часта журналісты абыходзяць тэму інваліднасці, адводзяць ёй зусім мала месца ў СМІ, пішуць стэрэатыпна, або наадварот узвялічваюць такіх людзей, паказваючы іх як герояў. Самым дзейсным метадам адлюстравання тэмы інваліднасці, як распавялі лектары, з’яўляецца роўнасць. У гэтым выпадку няма паняцця «яны», ёсць толькі «мы». Цэнтральнай часткай праграмы семінара стаў майстар-клас для ўдзельнікаў, якія былі падзелены на 4 групы і атрымалі заданне прыдумаць праект будучага інфармацыйнага прадукта (артыкула, тэле, або радыё-праграмы…), прысвечанага асвятленню тэмы інваліднасці ў СМІ.
На працягу гадзіны ўдзельнікі семінара актыўна прыдумвалі ідэі ў групах і рыхтавалі медыйныя праекты будучых тэле- і радыё-праграм. Потым кожная група рабіла невялікую прэзентацыю свайго медыя праекта. Пасля майстар-класу Джэні Рэйхвальд і Оса Толгравен працягнулі сваю прэзентацыю і паказалі яшчэ некалькі сваіх ролікаў, якія ўдзельнікі семінару актыўна абмяркоўвалі і нават дыскутавалі паміж сабой. «Вельмі важна для журналістаў шукаць тое, што не з’яўляецца відавочным, але варта паглядзець на праблему па-іншаму. Таму сёння мы паспрабавалі даць вам карціну таго, як мы працуем», — заўважылі вядучыя на завяршэнне семінара.
Марына Валасар, фота Наталлі Губар |