Святы Францішак, звяртаючыся ў першым варыянце сваёй Рэгулы да братоў, што імкнуліся прапаведваць Хрыста «сарацынам і іншым няверным», заахвочвае «не ставіць апору ворагам як бачным, так і нябачным». «Свае целы вы ўжо аддалі і ахвяравалі нашаму Пану, Езусу Хрысту», — піша Серафін з Асізі да будучых місіянераў Ордэну. Меншыя браты больш за восем стагоддзяў свайго існавання пакінулі безліч прыкладаў радыкальнага аддання жыцця за Божае Імя. Беларусь таксама не выключэнне – Івянеччына «засеяна» крывёю францішканаў, благаслаўлёных Ахілеса і Германа. Аднак нядаўна францішканская сям’я ўсяго свету святкавала чарговую радасную нагоду — 5 снежня ў Перу былі беатыфікаваны браты меншыя канвентуальныя айцы Міхал Тамашак і Збігнеў Стшалкоўскі, якія загінулі ад рук тэрарыстаў мааісцкай групоўкі «Светлы шлях» за тое, што, абвяшчаючы Хрыста, неслі жыхарам Пар’якота Любоў і Надзею. З удзячнасцю добраму Богу за новых братоў у небе беларускія францішкане, браты меншыя канвентуальныя з Івянца, Удзела, Гальшанаў, Гродна, Поразава і Свіслачы разам са сваімі парафіянамі і ўсімі прыхільнікамі францішканскай духоўнасці сабраліся 12 снежня апоўдні ў гродзенскай святыні Маці Божай Анёльскай, каб удзельнічаць у супольнай Эўхарыстыі падзякі.
«Мучаніцтва ўпісана ў францішканскае жыццё. Кожны з братоў павінен быць да яго гатовы, — узгадаў думку св. Банавентуры ў гаміліі да прысутных а. Ян Хэрнік OFMConv. — Вядома, што гэтае мучаніцтва не заўсёды крывавае: зносіць з пакораю цярпенне, неразуменне, аддаваць штодня сваё жыццё за братоў у працы і малітве — таксама форма ахвяравання жыцця».
«Забойцы нашых братоў назвалі сваю групоўку “Светлы шлях”. Насамрэч, ведаем, што сцежка гвалту і зброі – цёмная. Толькі шлях, які вядзе да Хрыста, шлях, поўны ўзаемнай пашаны, ахвярнасці і разумення – поўны святла», — адзначыў святар, дадаўшы, што на гэты шлях запрашаюць благаслаўлёныя айцы Міхал і Збігнеў, францішканскія мучанікі ХХ стагоддзя з Пар’якота. 
(AG)
|