Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З днём нараджэння, Папа Францішак!
Беларусь
17.12.2015 06:24

17 снежня 1936 года ў сям’і італьянскіх імігрантаў у Аргенціне нарадзіўся хлопчык, які праз 76 гадоў узначаліў Каталіцкі Касцёл. Бацька будучага Пантыфіка працаваў звычайным чыгуначнікам.

«Не імкнуцца да зямных рэчаў, не шукаць эфемернай выгоды, пазбягаць дробнай пахвалы, ахвотна прымаць ўсю пагарду свету дзеля нябеснай славы, быць карысным для ўсіх, любіць знявагі і нікому імі не адплачваць, з цярпеннем зносіць атрыманыя крыўды, заўсёды шукаць славы Творцы і ніколі — сваёй уласнай. Жыць усім гэтым і іншым падобным азначае ісці па слядах Хрыста», — адны з першых словаў на пачатку пантыфікату Папы Францішка, дзень нараджэння якога адзначаецца сёння.

Словы, якія шмат у чым носяць адценне духоўнасці святога з Асізі, імя якога абраў адзін з найбольш вядомых аргенцінцаў у свеце, каб пад іменем святога ўсіх бедных і свабоднага ад гэтага свету несці сваю місію ў сучасны свет.

Яго апекуна даследчыкі называюць папярэднікам Адраджэння: «Перад намі ў асобе святога Францішка Асізскага на ўвесь рост паўстае рэлігійны геній, які накіраваў рэлігійныя пачуцці свайго народа па новым шляху... Беднасць, апостальская пропаведзь, бязмежная любоў да чалавека і пакорлівае самапрыніжэнне — такімі былі сродкі, з дапамогай якіх ён хацеў увесці сваіх бліжніх у новае Божае Валадарства на зямлі».

Святога асізскага аскета палюбіў увесь свет, адлюстраваўшы і працягваючы адлюстроўваць у розных формах мастацтва: жывапісе, фрэсках, скульптуры.

Папа Францішак таксама заваяваў прыхільнасць і шмат чалавечых сімпатый, і хоць часы зараз змяніліся, але яго таксама пачалі актыўна адлюстроўваць у сучасных формах мастацтва, адной з якіх, асабліва ўлюбёнай сярод моладзі, з’яўляецца вулічнае мастацтва.

«Папа вулічнага мастацтва», як і яго апякун, — «чалавек вуліцы», да якой і сярэднявечны святы, і сучасны кіраўнік Каталіцкага Касцёла ставяцца з найвялікшай павагай і любоўю, цеплынёй і спагадай. Папа людзей вуліцы, а не выключных прыёмаў, вытанчаных пакояў, высокіх сценаў і зачыненых пазалочаных дзвярэй…

З днём нараджэння, Папа Францішак!

Папа раскошы прыгажосці прыроды і чалавечага сэрца…

Папа раскошы адкрытасці да іншых людзей…

Папа раскошы простасці і шчырасці…

Папа раскошы Божай і чалавечай Міласэрнасці…

Пераймаючы цноты свайго апекуна, Папа Францішак пераймае раскошу жыцця, падрыхтаванага кожнаму чалавеку Богам. Раскошу жыцця, якую заахвочвае кожнага апрануць у адзенне святасці, свабоды і не прыгожых словаў, але найперш прыгожых учынкаў Любові.

Няхай жа сёння і заўсёды беражэ кіраўніка Каталіцкага Касцёла святы ўсіх убогіх і раскошы жыцця ў святасці.

Папа Францішак, з днём нараджэння!

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.