Ляці з прывітаннем, калядная паштоўка! |
Беларусь |
23.12.2015 10:26 |
Нібы святочным белым абрусам ахутана зямля, месячык блішчыць, як толькі што вымыты ў лазні, загадкава ярка мільгацяць у небе зорачкі, велічны і спакойны ў чаканні цуду лес стаіць, і здаецца, што зараз махнатая галава аленя са свечачкамі на развілках расхіне хвою... Божае Нараджэнне! Няма свята больш прыгожага, светлага, радаснага і чаканага. Святло разліта кругом. У прыродзе цішыня і спакой. Забыты ўсе жыццёвыя клопаты. Усё застыла ў чаканні цуду. Гэта — ноч перад Божым Нараджэннем, Святая ноч, калі з’явіўся на свет Збаўца — крыніца шчасця, жыцця і дабра.
І ў гэты цудоўны вечар так хочацца гаварыць добрыя словы сваім блізкім, сябрам, знаёмым і незнаёмым, складаць ім пажаданні! Як мы з радасцю расстаўлялі паштоўкі пад ёлкай, і стваралася ўражанне ў калядны вечар, што сабраліся ўсе разам, вялікай, дружнай сям’ёй... Перабіраючы паштоўкі І сёння мы таксама віншуем адзін аднаго, але ў асноўным пасылаем па тэлефоне sms-кі, па інтэрнэце віртуальныя паштоўкі. Гэта ўсё і навяло мяне на думку зрабіць выставу калядных і навагодніх паштовак і абразкоў. Не захаваўшы сваіх, звярнулася па дапамогу да знаёмых. Мяне адразу ж падтрымалі: добры стосік паштовак і абразкоў прынеслі Марына Буйніцкая і Валянціна Крэміс. З вялікай цікавасцю стала іх пераглядваць, і гэта было як падарожжа ў дзяцінства, нібы акунулася ў добрае і незваротнае, сустрэла старых знаёмых, і на душы станавілася спакойна і ўтульна. Перабіраючы гэтыя паштоўкі, разглядала да болю знаёмыя сюжэты, успамінала нядаўняе мінулае. Усё-такі сучасныя рэчы так не запамінаюцца, а вось гэтыя немагчыма забыць! Яны стваралі менавіта настрой, яны, здаецца, пахнуць хвояй, мандарынамі і Новым годам! Паглядзела і выразна зразумела, што з нашага сённяшняга жыцця прапалі нейкія цёплыя добрыя і блізкія для душы рэчы, падзеі. Правільна сказаў паэт: «Что пройдет, то будет мило». Але калі мяне запрасіла да сябе Марына Казлоўская і дастала з шуфлядкі неверагоднай прыгажосці паштоўкі, то майму захапленню, здзіўленню і радасці не было канца! Тым часам Марына зачытвала: «Гэтая датуецца 1921 годам, гэтая 1923-м, гэтую прыслалі з Італіі, гэтую з Польшчы». Я, як зачараваная, не магла адвесці вачэй. Па-першае, яны былі амаль як новенькія: ніякіх жоўтых плямаў, ніякага пашкоджання. Нават не верылася, што ім ужо амаль сто гадоў! Канешне, якасць паперы, відаць, была высокай, а яшчэ адносіны — гаспадары ўжо трэцяе пакаленне беражліва захоўваюць іх, як сямейную рэліквію. Сям’я Казлоўскіх-Міхновіч — людзі, якія вельмі шануюць сямейныя традыцыі. Даўно збіраюць звесткі пра свой род, гісторыю вёскі. У сваіх публікацыях я не адзін раз абапіралася на факты, расказаныя членамі іх сям’і. Віншавальная паштоўка — маленькі, але вельмі важны элемент кожнага свята. Яны ствараюць непаўторую атмасферу ўрачыстасці і нават праз гады ўваскрашаюць у нашай памяці даўно забытыя падзеі. Лічыцца, што звычай дарыць на Божае Нараджэнне і Новы год паштоўкі ўзнік у Англіі. Па адной з версій, першую паштоўку стварыў мастак Добсан у 1794 годзе.
На кавалачку кардону быў намаляваны зімовы лес і сям’я за калядным сталом з надпісам: «Вясёлага Ражаства і шчаслівага Новага года!» А першае каляднае віншаванне па пошце адпраўлена ў 1843 г. У Расію гэтая мода прыйшла праз паўстагоддзя. Першая руская паштоўка была выпушчана 1898 г. і атрымала шырокую папулярнасць.
На пошту былі «спушчаны» спецыяльныя «цыркуляры», якія прадпісвалі правілы запаўнення віншавальных паштовак: усё павінна быць па-рэвалюцыйнаму: ніякіх «сю-сю», ніякіх «мілых-дарагіх» і г. д. Сапраўдны росквіт савецкая навагодняя паштоўка атрымала ў 1960-х гадах. Пад канец ХХ ст., у 90-х, у Беларусі зноў з’явіліся калядныя паштоўкі з надпісамі: «З Новым годам і Ражаством». Вялікае і светлае свята, і пачуцці ў людзей у гэты дзень павінны быць самымі лепшымі: светлымі і ўзвышанымі. Пакуль яшчэ ёсць час, пакуль яшчэ плануем, што падарыць сваім блізкім, давайце адправім святочныя паштоўкі з найлепшымі пажаданнямі сваім родным, блізкім, сябрам, суседзям, давайце нікога не забудзем у перадсвяточным тлуме. З Божым Нараджэннем, з Новым годам! Шчаслівых святаў! Ляці з прывітаннем, святочная паштоўка! Іаланта Валуевіч |