Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышоў у вечнасць а. Ян Гура OP — галоўны натхняльнік сустрэч моладзі ў Ледніцы
Беларусь
22.12.2015 10:55

У гэта цяжка паверыць, бо кожны, хто хоць раз сустракаўся з гэтым незвычайным дамініканцам, ведаў яго як вельмі актыўнага і шчырага чалавека.


У Польшчы а. Яна Гуру OP ведалі найперш як галоўнага арганізатара сустрэч моладзі ў польскай Ледніцы — штогадовай шматтысячнай сустрэчы на тэрыторыі былога аэрапорта недалёка ад Познані, куды на моладзевае чуванне збіраюцца дзясяткі тысяч маладых палякаў і гасцей з бліжэйшых краін.

Прадстаўнікі Беларусі таксама штогод наведваюць Ледніцу. Часам прыязджаюць з пэўнай парафіяй з Беларусі, але найчасцей далучаюцца да іншых груп пілігрымаў, і заўсёды Беларусь мае ў Ледніцы сваіх прадстаўнікоў.



У 1997 упершыню ў Ледніца а. Ян Гура OP арганізаваў сустрэчу для моладзі, і з таго часу колькасць удзельнікаў з кожным годам павялічвалася, пакуль у 2004-м не дасягнула свайго піку — 160 тысяч (!) удзельнікаў.

Што такое Ледніца?

Сустрэча пачынаецца ранкам у першую суботу чэрвеня. Перад пачаткам святой Імшы праходзіць споведзь — дзясяткі святароў спавядаюць моладзь пад адкрытым небам незалежна ад надвор’я. Другая частка сустрэчы — святая Імша, якая заканчваецца апоўначы праходам праз вялізную рыбіну, пад якой знаходзіцца адмысловы «прэзбітэрый» і якая сімвалізуе Хрыста.

З самай першай Ледніцы сустрэчу суправаджае хор і адмысловая група аніматараў-танцораў, якія выконваюць тэатралізаваныя танцы падчас спеваў. З 2001 года ў сустрэчы прымае ўдзел гуральскі народны хор «Siewcy Lednicy».

... Айцец Ян Гура OP адышоў у вечнасць 21 снежня 2015 года. Але і сёння на яго афіцыйнай інтэрнэт-старонцы ў раздзеле «Як і дзе мяне знайсці?» указана: штодня ў 8.00 падчас Ютрані ў штаб-кватэры ў Познані, уваход ад вул. Касцюшкі, 99. А таксама подпіс: «Чакаю ўсіх, хто хоча пагаварыць, дапамагчы або спрычыніцца ў Ледніцкі рух...»

22 снежня ў касцёле айцоў дамініканаў у Познані ў 19.00 па польскім часе пройдзе святая Імша ў інтэнцыі спачылага святара. Вечны адпачынак дай яму, Пане...

Рэдакцыя Catholic.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.