Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай прэтэндуюць на ўнясенне ў спіс спадчыны ЮНЕСКА
Беларусь
22.12.2015 11:27

Беларуская традыцыя ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай прэтэндуе на ўнясенне ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны сусветнага значэння ЮНЕСКА.

Пра гэта са спасылкай на начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алу Сташкевіч паведамляе БЕЛТА.



На бягучы момант беларускі складнік у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны сусветнага значэння ЮНЕСКА невялікі.

У 2009 годзе ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае патрэбу ў тэрміновай ахове, увайшоў беларускі абрад «Калядныя цары», які ўключае ў сябе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян». Абрад характэрны толькі для вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

Сёння ў ліку суіскальнікаў на прадстаўніцтва ў сусветнай спадчыне знаходзіцца яшчэ адзін беларускі элемент нацыянальнай культуры — святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.  



Файл «Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай» намініраваны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў гэтым годзе, а на сайце ЮНЕСКА ён змешчаны ў пераліку прэтэндэнтаў, якіх у лістападзе 2016 года будзе ацэньваць міжурадавы камітэт ЮНЕСКА.

Калі стане вядомы вынік?

Са студзеня па верасень 2016 года файл пройдзе навуковую экспертызу, пасля чаго на сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА), што пройдзе ў лістападзе 2016 года ў Эфіопіі, будзе прынята выніковае рашэнне.



У Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўваходзяць 24 краіны. Ратацыя ўдзельнікаў адбываецца кожныя два гады. Беларусь уваходзіла ў склад камітэта з 2005 па 2009 год.

Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА — рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае патрэбу ў тэрміновай ахове. Канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА 2003 года ратыфікавалі 164 краіны свету, у ліку якіх і Беларусь.

Паводле БЕЛТА, (IL)
фота Аляксандры Шчыглінскай і Віталія Палінеўскага

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.