| «Можа, так Бог вяртае дзяцінства майму пакаленню?» |
| Беларусь |
| 22.12.2015 15:56 |
|
Крысціну Лапату з парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі падзяліцца думкамі ў перадсвяточны час натхнілі Рараты і падгледжаныя сцэнкі з жыцця парафіі, калі, гледзячы на маленькіх дзяцей, пачынаеш думаць пра ўвесь Касцёл і яго пакаленні… «Колькі радасці і захаплення было ў вачах дзяцей, калі сёлета пасля святой Імшы з іх удзелам да іх прыйшоў святы Мікалай! Яны гатовы былі і мяшок паднесці, і за рукі яго весці. Старэнькі ж вельмі стаміўся. Яшчэ ні ў школу, ні ў садок не прыходзіў Дзед Мароз, а святы Мікалай першы прыйшоў у касцёл з падарункамі! І малая ўнучка шчыра верыць яму, усім хваліцца падарункамі і цягне складзеныя ручкі да абраза. А раратнія Імшы! Колькі святла, свята, радасці! Якім шчасцем свецяцца тварыкі дзяцей! Ім і спаць не хочацца. Яны з радасцю бягуць у касцёл, ідуць са свечкамі і спяваюць.
Гляджу на іх, а ў самой на вачах слёзы радасці і смутку. Смутку, бо ў маё дзяцінства нічога гэтага не было. А радасці — бо словы Хрыста не мінуліся. Адрадзілася вера! Ды з якой сілай! З унукамі мы ідзём у касцёл, слухаем іх шчырыя спевы. І думкі, думкі… А вечарам дома і татам, і мамам — усёй сям’і занятак. Трэба стаенку для Дзіцяткі Езуса зрабіць, сабраць і падзяліцца сваімі цацкамі з іншымі дзеткамі, учынкі добрыя рабіць. Вось яно — сапраўднае чаканне, падрыхтоўка да свята! Вялікі дзякуй за гэта, Божа. І за ўсіх нашых ахвярных святароў і манахінь, якія сваім прыкладам веры запальваюць веру ў нашых унуках».
У рэдакцыю даслала Крысціна Лапата фота Віталія Палінеўскага |




для друку