Вігілійная аплатка: гісторыя каляднай традыцыі |
Беларусь |
23.12.2015 10:00 |
Адным з элементаў свята Божага Нараджэння з’яўляецца звычай дзялення аплаткай. Дзелячыся кавалкамі тонкага прэснага хлеба, родныя і блізкія, сябры і знаёмыя віншуюць адзін аднаго са святамі. Аднак традыцыя гэтая даволі даўняя і бярэ свой пачатак яшчэ ў раннім хрысціянстве. Слова «аплатка» (па-лацінску «oblatum») азначае ахвярны дар. У I–V стагоддзях н.э. існаваў звычай ламання і дзялення, а таксама распаўсюджвання ахвярных хлябоў. У той час хрысціяне збіраліся на «агапы» (з грэчаскай – любоў ці сведчанне любові) — вечаровыя сходы для малітвы і сумеснай вячэры, злучаныя з успамінамі пра Езуса Хрыста. Ахвярнымі хлябамі, якія складалі на алтарах падчас такіх сходаў, хрысціяне дзяліліся з усімі вернікамі, а таксама з беднымі і патрабуючымі. Такі звычай быў сімвалам супольнасці вернікаў, а таксама азначаў, што чалавек, які дзеліцца хлебам, належыць да супольнасці Касцёла. Агапа, фрэска з катакомб св. Прысцылы Сённяшняе дзяленне аплаткай бярэ свой пачатак менавіта ад гэтай традыцыі і сімвалізуе найперш спажыванне Эўхарыстычнага хлеба, як напамін пра тое, як Хрыстус дзяліўся хлебам падчас Апошняй Вячэры. У Сярэднявеччы ахвярныя хлябы замяняюцца хлебам, падобным да сучаснай аплаткі, на якой змяшчаліся сімвалы і сцэны, звязаныя з жыццём Хрыста або розных святых. Многія бедныя людзі, якія не ўмелі чытаць і пісаць, менавіта праз аплатку вывучалі асновы хрысціянства.
На беларускіх землях звычай дзялення аплаткай вядомы з ХV стагоддзя. Ён патрапіў на нашыя землі з Польшчы. Спачатку права выпякаць аплатку мелі толькі кляштары, а пазней такое права атрымала кожная парафія. Што цікава, выпякалі таксама каляровыя аплаткі. Імі ўпрыгожвалі дамы і ў вігілію давалі есці свойскай жывёле. Як і ў раннехрысціянскія часы, аплатка таксама і сёння з’яўляецца знакам супольнасці і сімвалам узаемнай любові і пашаны. Мы дзелімся ёю з самымі роднымі і блізкімі, жадаючы дабра, радасці і супакою.
Дзяленне аплаткай — гэта таксама форма прабачэння ўзаемных крыўдаў і пагарджэння, сімвал згоды і паразумення. Няхай жа гэты сімвал будзе не проста сімвалам, але рэчаіснасцю ў кожнай беларускай сям’і! Марына Валасар, паводле матэрыялаў jan.by, loshycacsma.by, wikipedia.org |