Касцёл у Беларусі: ТОП-10 падзей 2015 года |
Беларусь |
31.12.2015 10:12 |
Хутка надыйдзе новы год, у якім рэдакцыя Catholic.by жадае чытачам жыцця ў Божай ласцы і праз гэта поспехаў у сямейным, прафесійным і грамадскім жыцці. Разам з тым прапануем згадаць найбольш яркія падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за мінулы год. 1. Біскупскае пасвячэнне ксяндза Аляксандра Яшэўскага SDB
9 чэрвеня Папа Францішак прызначыў ксяндза Аляксандра Яшэўкага SDB дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, надаючы яму тытулярную біскупскую кафедру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі. Біскуп Аляксандр Яшэўскі нарадзіўся ў 1974 г. у Смаргоні, вучыўся ў семінарыях у Польшчы і ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі. У 1998 г. склаў вечныя манаскiя абяцаннi ў салезіянскай супольнасці. Служыў на парафіях у Беларусі, выконваючы адначасова разнастайныя абавязкі ў салезіянскай супольнасці. У 2014 г. прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыем мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля. Выкладчык дагматычнай тэалогіі ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. Валодае беларускай, рускай, польскай i iтальянскай мовамі. Біскуп Аляксандр Яшэўскі — адзіны беларускі біскуп, які мае акаўнт у сацыяльнай сетцы Facebook.
2. Візіт у Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы кардынала П'етро Параліна Галоўны прадстаўнік Папы Францішка ў сферы палітыкі і дыпламатыі наведваў Беларусь з 12 па 15 сакавіка. Афіцыйны візіт кардынала П’етро Параліна ў Беларусь адбыўся па запрашэнні дзяржаўных уладаў нашай краіны. Кардынал сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі, правёў прэс-канферэнцыю ў Нацыянальнай бібліятэцы, наведаў міждыяцэзіяльнае велікапоснае чуванне моладзі ў Чырвоным касцёле Мінска і цэлебраваў святую Імшу з удзелам дзяцей у мінскай архікатэдры. Прадстаўнік Пантыфіка асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску. За час свайго прабывання ў Беларусі іерарх прыняў удзел у сустрэчах на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. 3. Рэгістрацыя тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла ІІ 17 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымала пасведчанне аб афіцыйнай рэгістрацыі вышэйшай духоўнай навучальнай установы «Мінская тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла II» Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Плануецца, што новая навучальная ўстанова размесціцца каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па вуліцы Філімонава ў Мінску. Асноўнай мэтай акадэміі будзе падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку святароў, для рэлігійнай дзейнасці Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусі. Асноўнай задачай акадэміі стане навучанне студэнтаў у галіне тэалогіі, а таксама біблістыкі, кананічнага права, гісторыі, літургікі, катэхізацыі, філасофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, сродкаў масавай камунікацыі, сацыяльнага вучэння і служэння, сям’і, замежных моваў і іншых дысцыплін згодна з нормамі і навучаннем Касцёла. 4. Нацыянальны фэст у Будславе, духоўным скарбе Беларусі Фэст абраза Маці Божай Будслаўскай сам па сабе з'яўляецца аднаўленнем беларускай хрысціянскай традыцыі (і нават прэтэндуе на ўнясенне ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА), аднак сёлета нацыянальны характар свята быў асабліва заўважным. Значная частка пілігрымаў, у большасці маладых, прыйшлі ў Будслаў у беларускіх вышытых кашулях, футболках з нацыянальным арнаментам ці са стужкамі з народнымі ўзорамі. Беларускі нацыянальны характар хрысціянскага свята прыцягнуў увагу шматлікіх журналістаў, фатографаў і звычайных назіральнікаў. Каталіцкі Касцёл — вялікі і масавы, але ці магчыма па-сапраўднаму любіць суседзяў па Зямлі, не шануючы культуру сваёй краіны? 5. Усталяванне на Святой Зямлі дошак з малітвамі «Magnificat» і «Benedictus» на беларускай мове У верасні адбылася Нацыянальная пілігрымка беларускіх католікаў на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам на Святую Зямлю. У пілігрымцы прыняло ўдзел больш за 300 чалавек, у ліку якіх і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, а адказным арганізатарам выступіў кс. Раман Факсінскі. Пілігрымы наведалі месцы, вядомыя з Новага і Старога Запаветаў, у якіх жыў і прапаведаваў Езус: Бэтлеем, Ерузалем, Галілейскае возера, Гетсіманскі сад, Бэтанію, раку Ярдан, Капернаум, Эйн-Карэм і інш. Галоўнай мэтай тыднёвага падарожжа стала ўсталяванне і асвячэнне памятных дошак «Magnificat» і «Benedictus» на беларускай мове. «Калі асвячаў гэтыя табліцы, мяне ахопліваў гонар за наш народ, — распавёў ў каментарыі для Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — У сэрцы я адчуваў бязмерную ўдзячнасць Богу за тое, што Ён даў нашаму Касцёлу ажыць».
6. Гродзенскай семінарыі — 25 гадоў Новая семінарыя размясцілася ў мурах былога кляштара айцоў бэрнардынцаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа.
7. 90-годдзе адзначыла Пінская дыяцэзія У кастрычніку католікі на поўдні Беларусі адзначалі 90-годдзе заснавання Пінскай дыяцэзіі, Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і 145-годдзе нараджэння першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага. Узначаліў урачыстасці Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, прысутнічалі ўсе біскупы Беларусі, біскуп Луцкай дыяцэзіі (Украіна) Віталій Скамароўскi, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духавенства з Беларусі і замежжа, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпусу і шматлікія вернікі.
Фактычна дыяцэзія спыніла існаванне ў 1939 годзе — з-за савецкай акупацыі Заходняй Беларусі. У 1991 годзе дыяцэзія была адноўлена ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей, яе апостальскім адміністратарам быў прызначаны кс. Казімір Свёнтэк. Асаблівае месца ў гісторыі дыяцэзіі займае Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага, якая пачала дзейнічаць 12 верасня 1925 года ў мурах былога францішканскага кляштара. Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі адбылося 12 верасня 2001 г. Да юбілею дыяцэзіі было прымеркавана адкрыццё новай святыні ў Пінску — касцёла святога Бэнэдыкта, які быў узведзены за вельмі кароткі час — пяць месяцаў. Касцёл будзе яднаць католікаў з новых мікрараёнаў горада: Лугі, Верасы, Радужны і Паўднёвы, у якіх жыве каля 70 тысяч чалавек. Гэтая падзея стала для Пінска знакавай: касцёл св. Бэнэдыкта — другая каталіцкая святыня ў горадзе і першая, пабудаваная там пасля амаль двухсотгадовага перапынку. 8. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці завяршыў дыпламатычную місю ў Беларусі Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці пасля чатырох гадоў працы завяршыў абавязкі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі. 13 лістапада Папа Францішак прызначыў іерарха Апостальскім Нунцыем ва Украіне. На дыпламатычнай службе ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіўся з 15 ліпеня 2011 года. За гэты час многія жыхары Беларусі незалежна ад рэлігійнай і канфесійнай прыналежнасці палюбілі гэтага сына Італіі.
Прадстаўнік Пантыфіка праводзіў актыўную душпастырскую дзейнасць — наведваў парафіі, удзяляў сакрамэнты, стаў блізкім да звычайных вернікаў і заўсёды быў гатовы слухаць пра іх турботы. Ён наведваў шпіталі і турмы, урачыстыя мерапрыемствы ў Мінску і далёкія вёскі. Кожны год арцыбіскуп маліўся ў Курапатах — месцы, дзе былі расстраляны дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі. Апостальскі Нунцый адразу зарэкамендаваў сябе як вялікі прыхільнік беларускай культуры. Іерарх вывучаў беларускую мову, пачаў цэлебраваць святую Імшу на ёй ужо ў 2012 годзе, неаднаразова заклікаў вернікаў і духавенства шанаваць і бараніць беларускую мову. Асаблівым сябрам арцыбіскуп Гуджэроцці стаў для беларускай моладзі. Прыязны і ўсмешлівы, іерарх, як звычайны пілігрым ці ўдзельнік вулічнай працэсіі, быў побач з хлопцамі і дзяўчатамі, спяваў і маліўся з імі. На развітанне, падчас аплаткавай сустрэчы з моладдзю, арцыбіскуп апрануў беларускую вышытую кашулю. «Гэта мой апошні жэст — апошні падарунак — знак таго, наколькі вы мне дарагія», — сказаў іерарх.
9. 65 гадоў таму была створана беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё Упершыню беларуская мова загучала на хвалях Ватыканскага радыё ў вігілію Божага Нараджэння 1949 г. З нагоды ўрачыстасці і пачатку юбілейнага 1950 года Папа Пій XII напісаў спецыяльнае пасланне, якое, па просьбе Пантыфіка, павінна было быць перакладзена на розныя мовы і перададзена на хвалях папскай радыёстанцыі.
За падрыхтоўкy гэтага эфіру адказваў кс. Пётр Татарыновіч — каталіцкі святар з Піншчыны, які да прыбыцця ў Рым займаўся перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасцю, друкаваўся ў беларускіх рэлігійных выданнях і рэдагаваў некаторыя з іх. Такім чынам 24 снежня 1949 г. у 13.30 па рымскім часе слова Папы загучала з Ватыкана па-беларуску. Праз некалькі тыдняў, 6 студзеня 1950 г., праграмы на беларускай мове пачалі выходзіць рэгулярна. Менавіта гэты дзень лічыцца датай заснавання рэдакцыі, хоць першапачаткова ў ёй працаў толькі адзін чалавек — кс. Пётр Татарыновіч. Пазней на старонках часопіса «Źnič» святар пісаў: «Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання! Вы можаце карыстацца ёю ў кожную пятніцу ў 18.30, слухаючы ватыканскіх радыёперадачаў...». «Радыёапарат павінен быць найлепшае якасці», — падкрэсліваў святар.
Першапачаткова праграмы па-беларуску выходзілі ў эфір адзін раз на тыдзень і працягваліся каля 10 хвілін. Ксёндз Татарыновіч рыхтаваў кароткі агляд асноўных падзей з Ватыкана, апавядаў пра жыццё Касцёла і беларускіх эмігрантаў, чытаў у эфіры пераклады папскіх зваротаў і рэлігійную літаратуру. Паступова павялічвалася колькасць эфірнага часу і праграмы пачалі выходзіць часцей. З цягам часу штат беларускай рэдакцыі пашыраўся, і сёння, ў 65-ю гадавіну з моманту заснавання, рэдакцыя, як і раней, працягвае сваю місію абвяшчэння слова Папы для беларусаў. 10. Адкрыццё Брамаў Міласэрнасці ў пачатку Юбілейнага Года ў Беларусі
Папа
Францішак 13 сакавіка 2015 г. абвясціў Надзвычайны Святы Год
Міласэрнасці. Ён пачаўся адкрыццём Святых Дзвярэй у базыліцы св. Пятра
ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня, і
завершыцца 20 лістапада 2016 г., ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса
Хрыста, Валадара Сусвету. Сatholic.by |