Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Узгадайма ў малітве тых, хто ў 2015 годзе пераступіў парог вечнасці
Беларусь
30.12.2015 12:43

Мінае год, мінуюць дні і ночы,
Змяняецца бясконца наш сусвет,
І чалавек па сцежцы сваёй крочыць,
Мінае гарады, чужы і свой павет.

Стварае гарады, будуе вёскі,
Ён піша творы і чытае іх,
Нясуцца думак і сумневаў адгалоскі,
І ў адзін складаюцца ўздых.

Калісьці стане ён апошнім
У свеце яўнасці жыцця,
У свеце ж Божым падарожны
Не скончыць мклівага быцця...

Камусьці і гэты 2015 год стаў мяжой ці апошнім уздыхам у зямным жыцці, за якое быў пройдзены свой непаўторны кавалак шляху з дасягненнямі і памылкамі, з вераю і пошукамі веры, з сумневамі і ўпэўненасцю.

Кожны, пра каго зараз узгадаем і аб чыім сыходзе да вечнага жыцця абвяшчалі на сайце, меў сваю гісторыю, свой досвед веры і Бога, досвед, як любіць жыццё і людзей, быў унікальным скарбам для свету, для свайго народа, для сваёй парафіі, сваёй сям’і, суседзяў ці зусім незнаёмых і выпадковых стрэчных.

Бо кожны чалавек — гэта знак Бога ў нашым жыцці.


Сваю маладосць яна прысвяціла Богу

Сястра Міхаліна (Крыстына Васіева) з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) адышла да вечнага жыцця 2 студзеня.

Гэта была наймалодшая сястра з манаскай супольнасці, якая ўступіла ў закон у 18-гадовым узросце. Сястра Міхаліна пражыла 27 гадоў


Італьянскі святар, які вельмі любіў Беларусь

14 студзеня ў сценах рымскага шпіталя перастала біцца сэрца вельмі сціплага, ціхага і простага чалавека, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу і людзям.

Мансеньёр Кармэло Джарратана, якога ўсе называлі проста Дон Кармэло, адышоў у дом Нябеснага Айца.

Ніколі не позна стаць манахіняй

7 красавіка адышла ў вечнасць с. Агата Пачобут з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

Сястра Агата 25 гадоў свайго жыцця прысвяціла служэнню ў манаскай супольнасці, якое распачала ва ўзросце 62 гадоў. У той час, калі для некаторых жыццё набліжаецца да спакойнай пенсіі-адпачынку, у гэтай жанчыны пачаўся зусім новы перыяд служэння. Прыклад яе жыцця паказвае, што ніколі не позна стаць манахіняй і прысвяціць сябе людзям і Богу.


Яна нарадзілася ў год нараджэння незалежнасці Беларусі

Сястра Апалонія Сімеона Сінкевіч з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі адышла да вечнага жыцця ва ўзросце 97 гадоў.

Сястра, якая нарадзілася ў тым жа годзе, калі была прынята ІІІ Устаўная Грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, прайшла доўгі і складаны лёс, які ішоў пад дэвізам яе Кангрэгацыі: «Марыя, будзь нам маці».

Калісьці с. Апалонія прыгадвала пра сваю маладосць: «На свае вушы пачула, як пра мяне аднойчы  дарослыя мужчыны сказалі: “Гэтая без пары выйдзе замуж!” Але Пан Езус таксама гэта пачуў і мяне  забраў».

Ён паклікаў яе на 82 гады служэння манахіняй!


Духоўны лідар беларускай нацыі

15 красавіка адышоў да вечнага жыцця духоўны лідар і айцец беларусаў у эміграцыі — а. Аляксандр Надсан.

Найперш ён беларускі грэка-каталіцкі святар, які шчыра і аддана служыў Беларусі, але з 1946 года не на роднай зямлі, а ў Англіі.

Навуковец, пісьменнік, публіцыст, перакладчык, выкладчык матэматыкі, грамадска-палітычны дзеяч…

Нарадзіўся ж гэты выбітны сын нашай Бацькаўшчыны ў Гарадзеі (па дарозе ў сталіцу некаранаваных каралёў Рэчы Паспалітай), якая, як і Беларусь, займела яшчэ адзін скарб для гонару.

Тры пакліканні: да жыцця, да святарства, да Нябеснага Валадарства

6 чэрвеня адышоў да вечнага жыцця кс. Ян Занеўскі.

Сваім ахвярным служэннем Богу і Касцёлу ён заслужыў вялікі аўтарытэт не толькі ў вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, але і далёка за яе межамі.

50 гадоў таму Бог паклікаў на гэты свет Яна, які нарадзіўся ў мясцовасці Заневічы ў сям’і Тадэвуша і Тэрэзы Занеўскіх, 25 гадоў таму паклікаў яго бліжэй да сябе і ўчыніў слугою свайго алтара, а ў 2015 годзе Божая воля была ў тым, каб святар Ян Занеўскі стаў яшчэ бліжэй Нябеснага Айца — увайшоў у Яго Валадарства, пакінуўшы прыгожы адбітак служэння нашаму Касцёлу…


Душа, падрыхтаваная да нябёсаў

6 жніўня адышла ў вечнасць сястра Кацярына Клешч з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

Прыйшла ў гэты свет, з малітвай
Прайсці каб па яго шляхах,
А час прыйшоў, пачула ты: «Завітвай!»
І ў неба ўзвіўся сціплы-мудры птах —
Душа, якую кшталтавала
І для нябёсаў рыхтавала…

Каб супакой яна спазнала…



Па нашай зямлі ён ступаў далікатна

11 жніўня адышоў у вечнасць ксёндз прэлат Міхал Сапата — былы Генеральны вікарый Гродзенскай  дыяцэзіі.

«Па нашай зямлі ён ступаў далікатна, з вялікім шанаваннем, але адважна. Сляды яго добрых учынкаў трываюць да сёння. Яго асоба застанецца ў памяці святароў і вернікаў Касцёла на Гродзеншчыне, якому так верна і аддана служыў», — сказаў сваё слова пра спачылага святара біскуп Юзаф Станеўскі, дадаўшы, што гэты пастыр вызначаўся вялікай адвагай і стараннасцю…

Вечны супакой дай ім, Божа!

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.