Задумаемся і мы: якія Вашыя чаканні ад новага, 2016 года? |
Беларусь |
01.01.2016 11:26 |
Новы год — магчымасць штосьці змяніць у сваім жыцці і пачаць пражываць яго па-новаму. У першы дзень новага, 2016 года мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў чатырох дыяцэзій Беларусі, з якімі думкамі яны сустракаюць новы каляндарны год і якім бачаць яго для сябе. А якія спадзяванні ад яго ў Вас? h «Ёсць вялікае прагненне знайсці сваю дарогу»
Арцём Кір’янаў, г. Брэст (Пінская дыяцэзія): «Вельмі не хочацца згубіць тую блізкасць з Богам і Касцёлам, якая вельмі няпроста далася сёлета. Хацелася б таксама, каб яшчэ больш блізкімі былі адносіны з роднымі і сябрамі, тымі, хто духоўна падтрымліваў увесь год. Ёсць вялікае прагненне знайсці дарогу, на якой атрымаецца дарыць любоў найбольш удала. І, нарэшце, даведацца, ці атрымаецца па ёй пайсці». а Марыя Алешчык, г. Гродна (Гродзенская дыяцэзія): «У гэтым годзе я паступіла ва ўніверсітэт, таму хочацца добра здаць дзве сесіi і абавязкова набыць новых сяброў. Я разумею, што 2016 будзе вельмі цяжкім годам, але Бог дапаможа мне ва ўсім, я ведаю. Вельмі хочацца, каб у 2016 годзе адбылося нешта такое, што змяніла б маё жыццё. Ведаю, адна такая падзея адбудзецца: спадзяюся трапіць на Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаў. Чаго чакаю яшчэ?.. Ёсць тыя рэчы, якія я пакідаю у сваім сэрцы, аб якіх распавядаю толькі самым блізкім людзям, з надзеяй на тое, что новы год дасць магчымасць для спаўнення гэтых жаданняў. Шмат чаго я чакаю і ад сябе самой. Напрыклад, хачу змянiць свой характар, стаць iншым, новым чалавекам. Увогуле, я лiчу, што новы год — гэта вельмi добрая нагода, каб змянiць сваё жыццё». ў
С. Таццяна Гмыза SJE, г. Браслаў (Віцебская дыяцэзія): «Хацелася б, каб для кожнага чалавека 2016 год — час ласкі ў Юбілейны Год Міласэрнасці — стаў асаблівым у Яго жыцці. Каб людзі, якія жывуць па-хрысціянску, сталі больш дасканалымі, каб плённа прапаведвалі Евангелле і бачылі плён сваёй службы. Каб людзі, якія паставілі Хрыста на другое месца ў сваім жыцці, сталі больш сталымі хрысціянамі і атрымалі дары Духа Святога. І нарэшце, тыя, хто не прыняў Хрыста сваім Панам, даверылі Яму сваё жыццё. Няхай Божая Міласэрнасць змяняе нашыя сэрцы, уваходзячы ў кожную сям’ю. З упэўненасцю давяраем надыходзячы год апецы Святога Духа і Маці Божай. Aсабліва я чакаю перамен у сваім асяроддзі і людзях, з якімі сама працую. Каб мае малітвы, праца і апостальства прынеслі плён на Божую хвалу». р
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, г. Магілёў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія): «Чакаю перамен, пачынаючы ад сябе, як асобы і як біскупа, так і перамен у жыцці кожнага чалавека, бо новы год можа стаць такім жа, як і папярэднія, калі мы самі не пераменімся, не прыкладзем намаганняў для здабыцця новых цнотаў, калі не адкрыем у сваім жыцці сапраўды новую старонку пазнання Бога і выканання Яго святой волі. Чакаю і надалей паспяховага развіцця нашага Касцёла ў Беларусі, асабліва ў галіне адукацыі, адносін з дзяржаўнымі ўстановамі і канструктыўнага супрацоўніцтва з іншымі веравызнаннямі, каб супольна ўмацоўваць, распаўсюджваць і абараняць хрысціянскія каштоўнасці ў секулярызаваным свеце. Чакаю міру ў людзях, сем’ях, у нашай краіне і ва ўсім свеце, асабліва там, дзе вайна і пераслед. Чакаю большай справядлівасці і міласэрнасці, асабліва ў дачыненні тых, хто жыве ў вельмі сціплых абставінах і мае вельмі мала ў жыцці. Чакаю радасці ў людзях, якая будзе праяўляцца ў шчырай усмешцы і добразычлівым падыходзе да бліжняга. Чакаю моцнай веры і сапраўднага звароту людзей да Бога, бо толькі Ён з’яўляецца крыніцай кожнага дару і можа рэалізаваць нават самые патаемныя нашыя чаканні. З новым, 2016 Панскім годам!» (JM), (IL) |