4 студзеня адбылася аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў «Рэкалекцый на байдарках». Для іх гэта добрая нагода збірацца разам у час Божага Нараджэння, дзяліцца белым хлебам, дзелячыся адначасова сабою ўзаемна.
Нягледзячы на час сесіі і марознае надвор’е, разам сабраліся ўдзельнікі рэкалекцый з Мінска, Вілейкі, Ракава, Рубяжэвіч, Ашмян, Гродна, Нясвіжа Дзяржынска і Ваўкавыска.
Сустрэча пачалася святой Імшой у мінскім архікатэдральным касцёле, якую цэлебраваў кс. Андрэй Калядка. Гамілію прамовіў кс. Юзаф Сярпейка – арганізатар рэкалекцый, які звярнуў увагу на постаць і прыклад св. Яна Хрысціцеля. Святар адзначыў прыклад св. Яна Хрысціцеля як таго, хто не затрымаў вучняў пры сабе, паказаў ім Ягнё Божае, Месію, і гэта адразу прынесла плёны: адзін з яго вучняў – апостал Андрэй – пайшоўшы за Езусам, прывёў да Яго свайго брата Сымона Пятра.
«Кожны – і святар, і свецкая асоба – мае часта перад Богам заслугу, што наш асабісты прыклад хрысціянскага жыцця “прыцягвае” іншых. Але не дазволена нам пакінуць іх выключна для сябе, для сваіх хворых амбіцый. Паказаць брату Хрыста – вось пакліканне маё і тваё», – падкрэсліў святар.
Традыцыйна дзелячыся аплаткай, удзельнікі сустрэчы складалі адзін аднаму святочныя віншаванні, а таксама спявалі калядкі, успаміналі супольны час рэкалекцый, дзяліліся уражаннямі, маліліся аб новых пакліканнях да манаскага і святарскага жыцця.
На заканчэнне прысутныя атрымалі благаслаўленне.
Аляксей Сасноўскі, (AG) Фота і відэа Арцём Харужэй, Алег Каляда, Ягор Шырочын.