28 снежня – 1 студзеня ў Валенсіі (Іспанія) адбылася ХХХVIII Еўрапейская сустрэча моладзі «Пілігрымка даверу праз зямлю», арганізаваная экуменічнай супольнасцю з Тэзэ.
На гэты раз сустрэча праходзіла пад дэвізам «Адвага міласэрнасці». У трэці па велічыні горад Іспаніі прыбыло каля 30 тыс. маладых людзей, у тым ліку больш за 200 чалавек з розных частак Беларусі.
Па традыцыі найбольш шматлікай групай на сустрэчы моладзі сталі палякі — больш за 3 тыс. удзельнікаў, на другім месцы ўкраінцы — каля 2 тыс., затым немцы і французы — па паўтары тысячы.
Уражаннямі ад удзелу ў чарговай экуменічнай сустрэчы, арганізаванай супольнасцю з Тэзэ, падзяліўся душпастыр моладзі ў Гродне кс. Антоні Грэмза.
Святар разам з моладдзю Гродзенскай дыяцэзіі прыбыў на сустрэчу ў аўтобусе. Як адзначае кс. Антоні Грэмза, шмат маладых людзей кожны год хочуць сабрацца і спаткаць Новы год менавіта на такіх мерапрыемствах, таксама і таму, што яны кожны раз адбываюцца ў розных месцах, у розных краінах.
«Духоўнасць Tэзэ захапляе многіх» 
«Духоўнасць Тэзэ захапляе многіх, і тых, якія сталі рэгулярнымі ўдзельнікамі, і тых, якія прымаюць удзел у такіх сустрэчах упершыню», — адзначае кс. Антоні Грэмза. Па словах святара, удзел у падобных сустрэчах — не толькі экскурсія ў новае месца, але найперш «магчымасць адчуць дух еднасці і братэрства ўсіх хрысціян».
Нягледзячы на тое, што дарога ў Іспанію заняла шмат часу і была вялікім намаганнем, святар дадае, што для моладзі гэта не было праблемай, таму што ў дарозе яна цудоўна правяла час са спевам, забавай і малітвай.
«Многія ўдзельнікі едуць, каб сустрэць сваіх старых знаёмых, а таксама каб навязаць новыя знаёмствы, сустрэцца разам, бо толькі тады мы моц і сіла», — кажа кс. Антоні Грэмза.
Сустрэча з экуменічнай супольнасцю з Тэзэ і ўдзельнікамі з розных краін Еўропы — гэта найперш супольная малітва, спеў і разважанне над Божым словам. У гэтым годзе ўдзельнікі кожны вечар слухалі разважанні прыёра супольнасці брата Алоіса, прысвечаныя хрысціянскай міласэрнасці.
Па словах кс. Антонія Грэмзы, разважаннi прыёра супольнасці, які між іншым дзяліўся ўражаннямі ад наведвання Сірыі і сустрэчы ў гэтым годзе святаў Божага Нараджэння ў Ліване, вельмі ўразілі. Прыёр адзначаў, што менавіта тады, калі ён сустракаў Нараджэнне Пана ў Сірыі, лепш зразумеў, наколькі цяжкае для жыхароў усёй краіны ўсведамленне, што тэрыторыя вайны заўсёды вельмі блізкая. Як сказаў прыёр, людзі там прызвычаіліся да таго, што пастаянна чуюць выбухі.
Супольнасць з Тэзэ нагадвае аб міры 
«Брат Алоіс наведаў Сірыю за некалькі дзён да сёлетняй сустрэчы. Мусульманскія маладыя людзі прасілі яго распавесці свету і ўдзельнікам сустрэчы ў Валенсіі, што яны супраць вайны і кожны дзень моляцца аб міры, тое, што большасць людзей у Сірыі заўсёды жылі і далей хочуць жыць разам, незалежна ад рэлігійных адрозненняў», — узгадвае кс. Антоні Грэмза.
На сустрэчы ў Валенсіі ўдзельнікі маліліся аб міры ў свеце, у кожнай сям’і, аб тым, каб кожны чалавек з любоўю ставіўся да іншых і быў вестуном міру ў сваім асяроддзі. Прыёр супольнасці ў Тэзэ заахвоціў сабраных пастаянна маліцца аб міры, а таксама заклікаў на працягу тыдня хаця б адзін раз знаходзіцца ў маўчанні паўгадзіны ў касцёле, каб даверыць Богу краіны і людзей, якія пакутуюць ад насілля, і прыняць у сабе мір Хрыста. Брат Алоіс заахвоціў моладзь пасля вяртання дадому імкнуцца быць у сваім атачэнні сведкамі міру. «Памятайце: жыццё кожнага з нас можа стаць маленькім светачам міру, які свеціць у цемры, нават калі часам здаецца, што гэтае полымя вельмі кволае», — сказаў прыёр.
Супольнасць з Тэзэ заклікае да рэалізацыі хрысціянскай міласэрнасці 
Ксёндз Антоні Грэмза узгадвае, што практычнай часткай сустрэчы была праца ў групах, калі ўдзельнікі разважалі над тым, як найлепш увесці ў жыццё і рэалізаваць хрысціянскую міласэрнасць, як аказаць дапамогу патрабуючым і г.д.
Падчас прабывання ў Валенсіі ўсіх удзельнікаў сустрэчы прымалі мясцовыя сем’і. Жыхары адчынілі свае дзверы, каб прыняць моладзь і каб разам святкаваць прыход Новага года. «Вельмі ўразіла гасціннасць іспанцаў, іх радасць і адкрытасць на кожнага ўдзельніка сустрэчы, — адзначае душпастыр моладзі. — Дзякуючы гэтаму мы мелі магчымасць пазнаёміцца з культурай і духоўным багаццем рэгіёну Валенсіі, жыхары якога маюць уласную мову і вельмі багатую гістарычную спадчыну». Таксама ў межах сустрэчы ўсе ўдзельнікі, якія прыбылі з Беларусі, мелі магчымасць сабрацца разам. Браты з Тэзэ маюць традыцыю аб’ядноўваць маладых людзей кожнай краіны, каб яны маглі выказаць свае ўражанні і меркаванні. «Тады сапраўды можна было адчуць еднасць і радасць, а таксама вялікі гонар за нашу краіну», — кажа кс. Антоні Грэмза.
Вяртаючыся дадому, моладзь з Беларусі па дарозе наведала шмат цікавых месцаў, у тым ліку горад, дзе пробашчам быў св. Ян Марыя Віянэй, і месца аб’яўлення Маці Божай у Люрдзе.
Еўрапейскія сустрэчы моладзі, якія арганізуе супольнасць з Тэзэ, праходзяць з 1978 г. на мяжы старога і новага года, кожны раз у новым горадзе Еўропы. У 1978 г. сустрэча прайшла ў Парыжы. Наступная, 39-я па ліку, моладзевая сустрэча Тэзэ будзе адбывацца ў сталіцы Латвіі Рызе з 28 снежня 2016 года па 1 студзеня 2017 года.
Кс. Юрый Марціновіч
|