Святар з Віцебскай дыяцэзіі стаў лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Айцец Чэслаў Курэчка МІС з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна ўганараваны ўзнагародай Прэзідэнта Беларусі «за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды», а таксама «за ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця».
Айцец марыянін прызнаўся ў інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што ўзнагарода для яго стала нечаканасцю. «Я ніколі не хапаў зорак з неба, не шукаў славы, не думаў, што тут, у Росіцы, на краі свету, мяне заўважаць. Напэўна, Богу было так заўгодна, што прадставіў мне гэтую ўзнагароду. Напэўна, благаслаўлёныя мучанікі Юрый і Антоній заўважылі маю працу. Гэта мяне радуе, але таксама і заахвочвае, падштурхоўвае, каб не спыняцца на дасягнутым, каб яшчэ больш працаваць з людзьмі, любіць іх, дапамагаць ім шукаць вечныя каштоўнасці, любіць сваю зямлю, краіну і ўсё святое, усё жывое, што ёсць на гэтай зямлі. З ласкай і дапамогай Божай пойдзем далей, каб зямля наша была больш прыгожай, а людзі — больш шчаслівыя», — сказаў святар.
Айцец Чэслаў Курэчка нарадзіўся і вырас у Браслаўскім раёне. Разам са старэйшым братам у дзяцінстве з ахвотай дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Спачатку хлопец з беларускай глыбінкі паспрабаваў сябе ў свецкай прафесіі — кухара. «Мары пра Бога мяне наведвалі. Аднак думаў, што святарства — гэта не маё месца», — прызнаўся ён. Ты не менш, малады чалавек адказаў на заклік Бога і паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю.
«Працаваў у розных парафіях на Віцебшчыне: у Оршы, Падсвіллі, Лужках. Стараўся, каб там квітнелі “райскія сады”, было прыгожа. Уступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў. З 2007 года і зараз працую ў Росіцы. Гэта парафія, дзе загінулі два мучанікі — Юрый і Антоній. Месца святое, намоленае. Сюды прыязджаюць і прыходзяць шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, каб “вырашыць” тут свае справы з Панам Богам, паразмаўляць з Нябесным Айцом, шчыра памаліцца, атрымаць духоўную палёгку, знайсці сэнс жыцця. І мы служым гэтым людзям так, як служылі благаслаўлёныя айцы Юрый і Антоній, якія былі з імі да канца. Гэта наша звычайная праца — служэнне людзям», — распавёў а. Чэслаў Курэчка.
Па выніках 2013 года святар ужо атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны». Дзякуючы яго старанням, парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы атрымала новае жыццё, тэрыторыя вакол касцёла стала прывабнай, добраўпарадкаваны могілкі. Тут растуць сотні кветак, экзатычнае кустоўе, цвітуць нават паўднёвыя магноліі. Аднавілася і сама вёска. Зараз сюды ахвотна едуць і ідуць пілігрымы і турысты з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Айцец Чэслаў Курэчка кажа, што такім чынам ён рэалізуе сваю мару — зрабіць зямлю прыгожай.
Наталія Байнаровіч, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
(AG)
|