Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларус, сына якога ахрысціў Папа Францішак: «Будзем імкнуцца, каб вера стала галоўнай спадчынай, якую мы перададзім сваім дзецям» |
Беларусь |
13.01.2016 15:08 |
У свята Хросту Пана па традыцыі Папа Францішак удзяляе сакрамэнт хросту дзецям супрацоўнікаў ватыканскіх структур. Сёлета ў ліку ахрышчаных быў і сын беларуса Аляксандра Панчанкі з беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё — Арвід.
Хрост адбыўся 10 студзеня ў Сікстынскай капэле падчас нядзельнай святой Імшы. «Папа ахрысціў 26 дзяцей: 13 хлопчыкаў і 13 дзяўчынак. Пераважна ўсе яны былі з італьянскіх сем’яў, — расказвае малады тата Аляксандр Панчанка. — Але былі таксама з іншых, як, напрыклад, дзіця маёй калегі з нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё». Хрост для Арвіда: на руках у мамы Аўшры, пад пільным наглядам браціка Альгерда і таты Аляксандра Паводле слоў маладога таты, калі нарадзіўся яго малодшы сын Арвід і немаўля было вырашана ахрысціць у такіх асаблівых умовах, бацькі звярнуліся ў Службу папскіх літургічных цэлебрацый, а затым павінны былі прадставіць неабходныя для хросту дакументы (пасведчанне аб шлюбе бацькоў і інш.). «Падрыхтоўку мы прайшлі ў парафіяльных катэхетаў па месцы жыхарства. Нейкіх асаблівых нюансаў тут не было, — прыгадвае Аляксандр. — Сакрамэнт хросту заўсёды застаецца тым жа самым, незалежна ад таго, хто яго ўдзяляе. Хоць, канешне, атрымаць яго з рук Святога Айца вельмі ганарова». У якасці нябеснага апекуна Арвіда абралі святога Яна Паўла ІІ, таму акрамя імя Арвід немаўля было ахрышчана і як «Ян Павел». «Падчас святой Імшы Арвід трымаўся малайцом, — прызнаецца малады тата. — Палюбаваўся цудоўнымі фрэскамі Сікстынскай капэлы, крыху пад’еў, а астатні час спаў. Таму нам не трэба было перажываць з-за таго, што дзіця плача». «Цудоўна, што радасць нашай сям’і стала ў пэўным сэнсе агульным святам для Касцёла ў Беларусі» Падтрымаць сям’ю Панчанкаў прыехалі іх сябры, бацькі, а таксама бабулі і дзядулі. (Відэа хросту Арвіда: 15.00 - 15.30) «Хрост з рук Пантыфіка — вельмі важная падзея для любой сямейнай гісторыі, і, канешне, мы вельмі шчаслівыя, што атрымалі такую ласку ад Бога. Зараз будзем працягваць імкнуцца, каб згодна са словамі Папы вера стала галоўнай спадчынай, якую зможам перадаць сваім дзецям», — дадае Аляксандр. Са сваёй будучай жонкай Аляксандр пазнаёміўся ў Літве на сустрэчы францішканскай моладзі, арганізаванай віленскімі бэрнардынамі. Дзяўчыну звалі Аўшра і яна была родам з Вільнюса. «Так атрымалася, што Аўшра жыла ў Рыме, а я паехаў туды вучыцца. Паступова сяброўства перарасло ў каханне, якое дало пачатак сужэнскаму жыццю. Старэйшага сына, якому зараз тры з паловай гады, мы назвалі Альгердам», — распавядае мужчына. Прыгадваючы хрост Арвіда, малады тата прызнаецца, што іх сям’ю вельмі кранула падтрымка сяброў, знаёмых і звычайных католікаў з Беларусі. «Было вельмі прыемна, што праз сацыяльныя сеткі і тэлефанаванні многія людзі выказвалі нам сваю салідарнасць. Цудоўна, што радасць нашай сям’і стала ў пэўным сэнсе агульным святам для Касцёла ў Беларусі. Гэта была вельмі хвалюючая падзея, якая пакінула пасля сябе пачуццё шчасця і радасці». Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота з архіва сям’і Панчанкаў
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.